Вершнікі на дарозе. Маргарыта Латышкевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вершнікі на дарозе - Маргарыта Латышкевіч страница 4
Лель, акругліўшы вочы, часта паківаў. Зрэшты, ён і не падумаў бы спрачацца з кімсьці з народу курганоў, ды яшчэ з тым, хто так увішна пляце закляцці.
Першая луста знікла досыць хутка, таму лютніст адрэзаў і другую, і трэцюю. Прапанаваў да хлеба яшчэ мёд – празрысты, салодкі – ды травяны ўзвар з біклагі, ад якога мяккая хваля ўдарыла ў патыліцу і паяснела ў галаве. Лель еў і піў, трохі саромеючыся ўласнай паспешлівасці, але лютніста, падобна, гэта нават забаўляла. Лель, дарма што быў аж занадта заняты ежаю, скеміў: не-чалавек тут адзін і таксама трохі знудзіўся ад самоты на верасовых пустках.
– Йурай, – назваўся ён у адказ на не дужа разборлівае Лелева пытанне і падсунуў таму бліжэй збанок з мёдам.
– То ты, значыць, музыка, васпа… – Лель асёкся, баязліва прыкрыўшы рот даланёю, і паўтарыў: – То ты – музыка?
Йурай згодна нахіліў галаву, дзынкнуўшы доўгаю завушніцай. Лель прысвіснуў, упусціўшы з хлебнай скарынкі ліпкую кроплю мёду. Музыка падавалася яму нечым калі не ўласна чароўным, дык да чараў, несумненна, блізкім. Бо як так можна, каб звінелі пад нечымі ўвішнымі пальцамі струны, кожная сама па сабе, а ўсё разам сыходзілася, звівалася, як ручаі зліваюцца ў раку, у адзінае суладнае гучанне?
– Пры княжым двары ў Кургановым Полі хапае музыкаў, чалавечае дзіця, – мовіў Йурай. Глядзеў убок, і між цёмных броваў пазначылася пахмурная зморшчына, і ён прамовіў павольна, як бы паўтараючы сказанае кімсьці:
– І няшмат гонару ў тым, каб быць адным з многіх.
– А па мне, – нясмела запярэчыў Лель. – Па мне, дык проста ўмець… ну, проста магчы ствараць уласную музыку – гэта неймаверна, недасяжна і…
Ён не мог падабраць словаў, толькі марна кусаў вусны, а з забытай скарынкі цягнулася ў траву тонкая нітачка мёду. Лютніст пакасіўся на Лёля і пагардліва чмыхнуў:
– Для чалавечых сыноў, можа быць, і недасяжна. Але ў Кургановым Полі, – дадаў лютніст змрочна, – усё не так. Там музыка цесна сплятаецца з чарамі. Там музыка лучыць Цяпер і Калісь з Ніколі-і-Нідзе. Там слова паэта здольнае прыпыніць час і павярнуць яго назад, калі патрэбна. Там песня можа даць жыццё таму, што ніколі не існавала, а трапны радок цаляе ў сэрцы лепш за стралу.
Музыка там – жыццё.
Ён нетаропка распавядаў, апусціўшы павекі, як бы на хаду прыгадваючы, уяўляючы сваё далёкае Курганова Поле перад вачыма. А дождж глуха шаптаў за шаўковым полагам нябачнага шатра, утворанага прошчай. І тут, у каменным коле, абкружаным змрокам і непагаддзю, ля зялёнага полымя ўсе дзівосы пра край вагнявокіх не падаваліся нечым нязвыклым. Толькі – сапраўдным, адзіна і непарушна правільным. Бо, можа быць, сапраўдная музыка, сапраўдныя словы паэта і павінны лучыць існае з тым, чаго не было ніколі, і цаляць у сэрца – навылёт, назаўжды.
– Музыка – як бы чары? – захопленым шэптам спытаў Лель. – Як… жыццё?
– Майстры складваюць казкі, – адгукнуўся лютніст. – А тыя абрастаюць плоццю ў свеце пад