Планета ў падарунак. Людмила Рублевская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская страница 15
– Хм-м, ехаць… Ну і што – я паеду, пасяджу каля ложка… Я ўжо ездзіла. Яму ж дыягназ не пераменяць. Трэба паслухаць, што тут, у Мінску, спецыялісты скажуць. Там выпісалі з бальніцы – і ўсё, медыцына бездапаможная, няхай памірае дома. Дык што, і сядзець склаўшы рукі, збіраць грошы на пахаванне? А раптам і тут што-небудзь прапануюць? Яму ж чамусьці абпраменьванне не рабілі. Мне трэба біць ва ўсе званы, у мяне адзін брат, і ў яго – рак!
Ён уздыхнуў.
– Проста пракручваю варыянты як лепш, а ты адразу ў крык. – Адвярнуўся, зноў узяў у рукі газету.
Яна таксама адвярнулася і ажно прыўзняла галаву… У праёме расчыненых балконных дзвярэй пабачыла зорачку. Зорачка ўплывала ў пакой… «А гэта што яшчэ за дзіва? – падумала яна. – Рыхтык такія ўспыхваюць, калі запальваеш бенгальскую свечку», – і прашаптала:
– Коля… Коля…
– Я сваю думку выказаў, – адгукнуўся ён. – Потым шкадаваць будзеш, чаму не паехала, не пабыла з ім хоць некалькі лішніх дзён.
А зорачка рухалася, рухалася… Вось яна падплыла да карціны, што вісела на сцяне насупраць ложка, на імгненне прыпынілася, быццам яе зацікавіў намаляваны на палатне хутар: хата, крытая саломаю, і кладка цераз невялікі ручай… Потым зорачка ўспыхнула, стала больш яркай і ўвайшла ў карціну. І адразу ж стаў знікаць той хутар… На палатне з’явілася Вока, самае сапраўднае ясна-блакітнае Вока з блішчастаю чорнаю зрэнкаю. Яно запоўніла сабою ўсю карціну і было жывым. Жывое Вока. Яна адчувала на сабе позірк. Дрыжыкі пабеглі па скуры. Прыціснулася да мужа:
– Коля… Коля, там – Вока.
Ён адкінуў газету. Яна бачыла, як павольна згасае Вока. На карціне зноў праяўляўся хутар – хата, ручай, кладка…
– Коля, ды павярніся ж ты! Я толькі што бачыла вялікае Вока там, на карціне… Яно засталося ў ёй, хоць і згасла. Яно глядзіць на нас.
Ён павярнуўся, абняў яе і сказаў, нічога не ўдакладняючы:
– Спі. Заплюшчы вочы і спі. Ты стамілася.
Раніца пачалася з мітусні. Пазваніла сяброўка, сказала, што прафесар Даманеўская будзе чакаць яе а дванаццатай гадзіне. Трэба было адпрошвацца з працы, тэлефанаваць сыну, які жыў асобна, каб таксама адпрасіўся і завёз яе ў Бараўляны ў Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Трэба было патэлефанаваць яшчэ і брату ў Магілёў, дзе ўсё заставалася без змен: колюць па кубіку морфій два разы на дзень, прапісалі вітаміны… Яна чула, які прыгнечаны, разгублены і зусім слабы братаў голас:
– Ну ты, Ліна, сама ведаеш… Калі што, глядзі маму. Як бы там ні было, прыехаць да яе на дзень-другі заўжды можна. Чуеш мяне?
А яна чула і не чула… Бы з туману, ужо з надта вялікай адлегласці, з таго, што называецца далёкім мінулым, выплыў сад, ахутаны водарам вільготнай прахалоды. У дальніх кутках саду рассыпаў мігатлівыя цені летні прыцемак.