Інфанта і аднарог. Сяргей Балахонаў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў страница 34

– Усё ж не разумею сэнсу нашай сустрэчы, – я заўсміхаўся на ўсе вочы, але твар госця не змяніўся.
– Названая секта, – сцішаным, але цвёрдым, бы сэрцы сталінградцаў, голасам прамовіў ён, – вызнае веру ў тое, што наш свет ёсць кампутарнай сімуляцыяй, а ўсе людзі з’яўляюцца часткай вялізнай кампутарнай праграмы невядомых магутных творцаў.
– Так званая матрычная тэорыя. Я распавядаю пра яе поруч з іншымі тэорыямі сваім вучням, – прыткнуў і я ў гутарку свае тры грошыкі.
– Я ў курсе, – перапыніў мяне Сяргей Аляксандравіч.
Маё сэрца ёкнула. «Блефуе», – падумаў я. Але госць, як нічога ніякага, працягваў даваць мне зразумець, што ён ведае пра мяне вой як багата.
– Так, я ў курсе, – паўтарыўся ён. – І гэта адна з прычын, па якой мы мусілі звярнуцца да вас.
– Хіба я эксперт у гэтай галіне? Начуткам ведаю і не больш.
– Але прызнайцеся, што вы прыхільнік менавіта матрычнай тэорыі.
На гэты раз госць прадэманстраваў сваё ўменне ўсміхацца вачыма.
– Не, мяне не задавальняе ніводная з існых канцэпцыяў паходжання чалавека. Бо гаворачы пра тое, што чалавека стварылі багі, іншапланетнікі ці праграмісты, ніводная з іх не паведамляе, хто ж стварыў саміх багоў, іншапланетнікаў, праграмістаў. А ў эвалюцыйнай тэорыі шмат супярэчнасцяў і пытанняў іншага кшталту.
– Дык вы ў бога не верыце?
– Вы пра рэлігію? Ведаеце, я да канца з гэтым не вызначыўся. Не, бываюць моманты, калі я звяртаюся да бога, малюся. Але ў залежнасці ад сітуацыі я магу чытаць «Ойча наш», а магу казаць «Алах акбар»… – Дзіўна, – сказаў Відаў-Вошчанка і марна паспрабаваў адшукаць у сваім багажы маску здзіўлення. – А не баіцеся за гэта ў пекле гарэць?
– Гарэць? Гарэць не баюся, – нечакана жвава я перахапіў у суразмоўцы мячык ініцыятывы, і мяне панесла да варотаў, дарма што поле было не меншым, чым поле бітвы пры Гаўгамелах. – Як-небудзь прыцярплюся. Беларус усё-ткі. Агонь, пэўна, не самае страшнае ў параўнанні з бясконцым зубным болем ці з пухірамі, якія надзімаюцца на целе ад лютага холаду. Зрэшты, вышэйшая існасць, калі яна ёсць і насамрэч жадае нас пасля смерці пакараць за правіны, напэўна здолее прыдумаць нешта больш выкшталцонае, чым які-кольвек расплаўлены свінец.
– Што вы маеце на ўвазе? – спытаў госць, нібы адзіны футбаліст супернікаў, які змог мяне дагнаць, але мяч перахапіць не мае сілаў.
– Бясконцае кола рэінкарнацыяў. Мяне гэта сапраўды пужае. Я гэта ва ўніверсітэце ўсвядоміў. На занятках фізічнага выхавання. Бяжыш, кругі наразаеш, шалёна стамляешся, язык на плечы вешаеш і, галоўнае, ніякага сэнсу ў гэтай бегатні не бачыш, але мусіш бегчы