Ноч цмока. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ноч цмока - Валеры Гапееў страница 11
– Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.
– Калі грошы найперш, якія яшчэ матывы і прычыны?
– Нязгода аддаць дзіця.
– І за гэта забіваць? – Тамара прымружылася, пільна глянула на мяне. – Скажу табе, у нашым правінцыйным райцэнтры адна жанчына нарадзіла дваіх дзяцей… на заказ. Аднаго аддала. Ад другога адмовілася.
– Ого, – не ўтрымаўся я. – Не ведаў…
– Ну, не здзіўляйся, справу абставілі так, каб ніякага крыміналу нідзе не было. Цяжарнасць хавала да апошняга, два месяцы адпачынку невядома дзе, вяртаецца пахудзелай і з грашыма… Другую цяжарнасць раскрыла напрыканцы. Вярнула грошы, ёй авансам выдалі палову сумы. Прыязджалі да яе. І пагрозы былі. Ведаю з яе вуснаў, бо ў маладосці з яе маці сябравалі, вось яна і прыйшла да мяне параіцца. Адбіліся, карацей. Там пасярэднікаў не было… Няшчасная, хоць і заможная, сям’я з Прыбалтыкі. Жанчына павінна была паехаць туды на тры месяцы, ёй рабілі візу, стваралі ўмовы пражывання. Там нарадзіць і вярнуцца. А яна адмовілася. Дарэчы, развядзёнка… так вось. Значыць, калі быў пасярэднік, то, магчыма, і забойства адбылося праз нязгоду аддаць дзіця? Правярай. Аператыўнікі забралі з дому забітай яе ноўтбук, сумачку. Тэлефона не знайшлі. Гэта незразумела. Падрыхтуй запыт на праверку асабістых рахункаў у банках… Пайшлі ўжо? – Тамара зноў зірнула на акно. – Трэба нешта згатаваць дома, мабыць… Развучылася боршч варыць. А ты ўмееш?
– Што? – разгубіўся я.
– Боршч варыць умееш?
– Не…
– І не вучыся. А то не ажэнішся…
4
Найлепшае, што здараецца з намі, ніколі намі не прадбачылася.
Я вяртаўся той самай вуліцай, якой ішоў ранкам на працу, і яна была такой жа пустой – палова на дзясятую вечара. І ўжо амаль цёмнай.
Тамара развярэдзіла мае думкі сваім напамінам пра жанчыну, меркаваннем пра тое, што і яны з такога ж цеста. А мне ж дваццаць сем. Гэтулькі, колькі было і забітай. І столькі ж гадоў Надзеі.
З Надзеяй мы ў блізкіх адносінах усяго месяц. Не чакаў, што пра іх будуць ведаць. Ва ўсякім разе, не чакаў, што так хутка… Ды і якія там адносіны! Яна, разведзеная, без дзяцей (дзіця памерла на другі дзень пасля родаў, саму яе ледзь уратавалі), была звычайнай жанчынай, якая засумавала без мужчынскай увагі. Мы – суседзі. У яе невялікі дом, застаўся ад бацькоў, а я здымаю палову дома, які мяжуе з Надзеіным.
Сюды я пераехаў, калі зразумеў: больш не магу трываць у інтэрнацкім пакойчыку. Колькі сябе помню, мне заўсёды патрэбны быў такі свой куточак, дзе б я мог застацца зусім-зусім адзін. Студэнцкі інтэрнат стаў для мяне на час вучобы сапраўдным выпрабаваннем,