Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач страница 13
– Гэта я яго папрасіла, каб папалохаў цябе, дурня! Каб з працы не вылецеў, ідыёт!..
– Ах ты, падла! Рогі мне наставіла, а я яшчэ і вінаваты!..
Упершыню ў жыцці Толік узняў на Алену руку. Не так моцна збіў, як ёй было крыўдна: яна ж усё рабіла дзеля яго, а ён…
Алена выклікала міліцыю, і Толіка забралі на цэлых пятнаццаць содняў. Калі ж ён вярнуўся дадому, у пад’ездзе на дыванку ля дзвярэй кватэры стаяла вялізная сумка з ягонымі рэчамі.
З паўгадзіны ён званіў і грукаў нагамі ў дзверы, пакуль жонка не крыкнула з кватэры, што звоніць у міліцыю. Зноў падмятаць вуліцы райцэнтра пад зласлівыя жарты і кпіны знаёмых не хацелася, і Толік з цяжкай сумкай павалокся на ўскраіну мястэчка ў паўразбураную матчыну хатку, дзе і працягнуў весці асацыяльны лад жыцця. Цяпер у Толіка меліся падставы і апраўданні не горшыя, чым у іншых выпівох: жонка здрадзіла і выгнала з дому, як тут не запіць?
І ён піў, бы не ў сябе, і не мог напіцца. З ранку валокся да пункта прыёму шклатары, дзе людзі дасведчаныя шукалі танную рабсілу для выканання самай цяжкай ды бруднай працы. Нехта расплачваўся за распілаваныя ці паколатыя дровы самагонкай ці «Талачынскім», нехта даваў невялікія грошы. Калі працы не было, Толік сунуўся ў піўны бар і чакаў там, пакуль хто-небудзь са знаёмых не пачастуе. Частавалі яго, частаваў, калі было чым, і ён падобных да сябе небаракаў… Нярэдка Мікалайчык апрытомніваў на лавачцы ў парку ці ў парослым бур’янам гародчыку ля матчынай хаты. Час ад часу ён думаў, што Алена ні ў чым перад ім не вінаватая, што варта спыніцца, выпрасіць у яе дараванне, і добра, што маці ўжо даўно няма на гэтым свеце і яна не бачыць яго такім… Але надыходзіла раніца, нясцерпны галаўны боль ды смага, і ўсё паўтаралася.
Нейкі час пасля вяртання ў дом свайго маленства Толік баяўся сустракаць на вуліцах мястэчка дзяцей: раптам гэта нехта з ягоных хлопцаў, нехта з іхніх сяброў ці аднакласнікаў. Ён выдатна памятаў, як яму падлеткам было сорамна, калі ягоны п’яны бацька часта ўкладаўся спаць на вялікай клумбе ля аўтастанцыі. Цётка Мар’я, якая працавала касіркаю на аўтобуснай, званіла адразу Толікавай маці. Тая бегла да іхняга суседа дзядзі Федзі, у якога быў конь, і прасіла, каб той прывёз п’янага мужа дадому. Федзя моўчкі запрагаў калёсы[4] і браў з сабою Толіка, каб той дапамог пагрузіць непрытомнага бацьку. На ўсё жыццё запомніліся Толіку тыя паездкі на аўтастанцыю з суседам, калі пад іранічнымі паглядамі мясцовых ды абсалютна чужых цікаўных вачэй даводзілася ўсцягваць на конны транспарт смярдзючае абмочанае цела… Яму хацелася праваліцца скрозь зямлю ад сораму, хацелася пазабіваць усіх гэтых лайдакоў, што нахабна пасміхаліся на платформе аўтобуснай, а найперш карцела прыдушыць бацьку, каб больш ніколі сюды не вяртацца… Толіку ішоў шаснаццаты год, калі аднойчы бацька змяніў завядзёнку і п’яны заваліўся спаць не ў цэнтры мястэчка, а на беразе Друці. Там яго і знайшлі раніцою: захлынуўся ванітамі…
Жыццё і смерць бацькі на нейкі час сталі для сына
4
Калёсы – фурманка.