Пярэваратні ў пагонах і без. Сяргей Пляскач
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пярэваратні ў пагонах і без - Сяргей Пляскач страница 3
Але Юры працаваў у аддзеле не адзін. І цяпер яму перасталі давяраць калегі: з чаго б раптам такая прынцыповасць? Усе бяруць, а ў Белага, бачце, сумленне прачнулася? У апошняе ніхто не верыў. Мабыць, нешта ведае лейтэнант, ці наўпрост працуе на службу ўнутранай бяспекі…
Карацей, хутка ўсё вярнулася на свае колы, з той толькі розніцай, што цяпер Юры Белы складаў усе «левыя» грошы ў схованку, а не прыносіў жонцы пад выглядам прэмій, надбавак ці выйгрышаў у латарэю.
І вось гэты боўдзіла, новы сусед Мікалайчык, са сваім перагарам трапіўся. Мацёры інспектар Белы такіх, як Талян, наскрозь бачыў, нават хацеў спачатку адпусціць па-суседску, але потым вырашыў пазабаўляцца сам, а заадно і жонцы сваёй прынцыповай канцэрт бясплатны наладзіць, бо выдатна ведаў, як будуць разгортвацца падзеі далей.
Склаў пратакол на «левым» бланку, забраў у парушальніка правы і паслаў таго выпівоху дадому замочваць новае жыццё!
Да канца змены даішнік толькі тым і займаўся, што гадаў: сам Талян прывалачэ грошы ці пашле каго? Яшчэ Юры Уладзіміравіч разумеў, што найверагодней хабар яму паспрабуюць перадаць у пад’ездзе, а гэта непажадана, бо мэтавая аўдыторыя – Галя, дзеля якой усё і наладжвалася, тады нічога не ўбачыць. Увесь сэнс мерапрыемства страціцца, калі ён не паспее непрыкметна праслізнуць у кватэру…
Капітан Белы шчыра здзівіўся, калі ў выніку нікога не напаткаў у пад’ездзе.
«Што ж, цудоўна! Значыцца, шоу гарантавана! Толькі б грошы знайшлі галадранцы! Усім вядомая такса за кіраванне ў нецвярозым стане: тысяча даляраў… Але гэтыя, мяркую, максімум палову назбіраюць… Пралетарыі хрэнавы!»
Юры Уладзіміравіч ніколі дома не абмяркоўваў сваю службу, а тут, як толькі пераступіў парог, адразу паведаміў Галі, што сёння затрымаў суседа за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане і забраў у яго правы.
Галя ж, калі даведалася, што пагражае за гэткае парушэнне, пачала бурчэць на мужа: як ёй цяпер сустракацца з Мікалайчыкамі штодня, як людзям у вочы глядзець, ці разумее ён, што пазбавіў і так небагатую сям’ю сродкаў для існавання, а ім жа крэдыт за кватэру выплачваць трэба, у іх жа дзеці малыя:
– Іх старэйшы з нашай дачкою ў адным класе вучыцца! Малодшыя ў двары разам гуляюць!..
– Іх бацька закон парушыў! А я ж на тое і пастаўлены, каб сачыць за парадкам! Ты ж сама казала!
Галіна Васільеўна пачала прыводзіць процьму аргументаў, што на першы раз, выключна па-суседску, можна было б толькі папярэдзіць, не спяшацца, ён жа не здзейсніў ДТЗ, нікога, дзякуй богу, не пераехаў, нічога не сапсаваў!
Юрый Уладзіміравіч тым часам паглядаў на гадзіннік і думаў, чаму так зацягваюць свой выхад на сцэну суседзі.
Ён пачаў пазяхаць, слухаючы няспынны жончын маналог, хацеў ужо здацца: сказаць, што зараз жа верне тыя праклятыя Мікалайчыкавы правы, бо, па ўсіх прыкметах, хабару ад іх не дачакаешся… Апошняе, зразумела, ён не збіраўся казаць Галі. Інспектар толькі спадзяваўся