Дагератып. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дагератып - Людміла Рублеўская страница 17
– Калі юны Гегель пабачыў, як у ягоны родны горад заязджае Напалеон на белым кані, то быў упэўнены, што гэта і ёсць Сусветны дух. Калі павіяны бачаць усход сонца, яны ўздымаюць лапы і захоплена равуць. З’явы аднаго парадку.
Калоцкі раскалыхаўся, як брацкі звон:
– Вы хочаце сказаць, што ўсе высокія памкненні чалавечага духу…
– Усяго толькі жывёльны інстынкт, замаскаваны свядомаснымі канструкцыямі, бо чалавек ніколі не прызнае, што ён не разумнейшы і не маральнейшы ад жывёлы.
Вось табе і спадчыннік Жухавіч… Дзікунскае аблічча і вучоныя прамовы. Хаця чаму “дзікунскае”? Шляхетныя продкі, якія большую частку жыцця – бо жылі тады нядоўга – праводзілі ў ваенных паходах, таксама не выглядалі спешчанымі, іх твары – гетманаў, князёў, магнатаў, таксама былі абветранымі, у шнарах, плечы шырокімі, каб трымаць цяжкія латы, а рукі дужымі, звыклымі да зброі.
– Пан мае на ўвазе так званае “быдла”? – нейтральна папытаўся Ніхель. – Мужыкоў, якіх вашыя продкі трактавалі як хатнюю жывёлу і з чыёй працы жылі і набывалі егіпецкія камяні?
Багута вырашыла, што Ніхель толькі што папоўніў спіс дэспатаў, вартых знішчэння, жухавіцкім гаспадаром. Але пан Шымон толькі стамлёна пакрывіўся:
– Ну навошта так спрашчаць? Я заолаг. Бачу сутнасць, прыроду, а не абалонку. Для мяне людзі не дзеляцца на арыстакратаў і плебс. Хіба што з Сакратам пагаджуся, які падзяляў усіх на залатое, срэбнае, жалезнае і глінянае саслоўе, але не па паходжанні, а па здольнасцях – у сям’і “срэбнага” чыноўніка можа нарадзіцца “гліняны” някемнік, здольны толькі араць зямлю, а ў шаўца – “срэбны” вайскаводца. Насамрэч людзі – усяго толькі адзін з жывёльных відаў, як ваўкі альбо пацукі. Сацыяльныя адрозненні – гэта загана цывілізацыі.
– Даволі… прагрэсіўныя пагляды для нашчадка графскага роду, – працягнуў Ніхель, цяпер ужо з цікаўнасцю ўглядаючыся ў Каганецкага. Граф піў гарбату з парцалянавага кубка, як на дыпламатычным прыёме. З манерамі і этыкетам у яго, напэўна, пры неабходнасці праблем не мелася.
– Той, хто добра ведае звяроў, не можа быць высокай думкі пра чалавека. Усё, чым чалавецтва ганарыцца, спаконвеку існуе і ў чатырохлапых, крылатых ды хвастатых. Мастацтва, каханне, здольнасць ахвяраваць сабой дзеля бліжніх, любоў да дзяцей, павага да старых…
– Вы перабольшваеце, пан Шымон! – запярэчыў Давыд Масевіч, ледзь не выраніўшы сваю канапку. – Вы прыніжаеце чалавечы розум і пачуццё прыгожага! Дзе вы бачылі ў звяроў мастацтва?
Каганецкі акуратна паставіў на егіпецкі камень, побач з самаварам, недапіты кубак, пара над ім таньчыла, як празрыста-срэбныя змейкі.
– А вы бачылі, якія мазаікі выкладвае для сваёй самкі птушка-буданчык? З рознакаляровых каменьчыкаў,