Шоўк (зборнік). Мікола Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам страница 23
Я прасіў мне дараваць маё глупства і прыняць каханне, таму Насця спачатку спалохалася і, аглядаючыся на прахожых, як бы прабачаючыся за мяне, як бы казала, што яна не вінаватая ў маіх паводзінах. Калі я пацалаваў ейныя рукі, твар яе асвяціўся цёплай лагоднай усмешкай, і яна папрасіла мяне ўстаць з каленяў, бо для яе гэта ўжо занадта.
Што ж, казка атрымалася пераканаўчай. Ды толькі мы жывем не ў казачнай краіне шчасця з добрымі феямі і чараўнікамі, а ў злосны крыважэрны час з незлічонымі войнамі і забойствамі, з крывадушшам і раўнадушшам людзей, якія ўспрымаюць толькі дарагія шоу па тэлебачанні, разлічаныя на тупагаловых абывацеляў. Усё гэта я прыдумаў не сёння, выказваючы Андрэю Шакелю набалелае ў няўтульным, усё яшчэ няўтульным для мяне бары ГУМа на другім паверсе за столікам, які трымае некалькі пустых шклянак з-пад гарэлкі (іх яшчэ не паспелі прыняць) і недаедзены бутэрброд «Вернісаж», што паспеў за доўгай размовай з гарачага ператварыцца ў халодны, як у казцы. Зноў казка, чорт яе бяры! Трэба ж было Насці паабяцаць, што дзеля яе я ператвару ейнае жыццё ў казку! Ага, зараз! За якія сродкі? Хаця Андрэй кажа, што ў Мінску працы хапае. Гэта дзеля таго, каб супакоіць мяне, бо работу, хоць якую-небудзь, мне абавязкова трэба знайсці. Іншая справа, што праца, якой у Мінску хапае, не аплочваецца той сумай, якую я маракую атрымоўваць. Ад сябравых слоў знікае ўсялякае жаданне працаваць, не ў тым сэнсе, што я не буду больш ніколі пісаць, а ў тым, што я не маю ніякага жадання і задавальнення совацца ў якую-небудзь дзяржаўную ўстанову. Маўляў, вось ён я ўвесь, бярыце мяне на работу. А што я магу ім прапанаваць з трыма курсамі ўніверсітэта і танюткім зборнічкам вершаў? «Я – беларускі пісьменнік» – гучыць, вядома, але бурчыць у жываце. І хочацца, і колецца, як кажуць. Ды так мяне і прымуць, як жа… чакаюць з распасцёртымі абдымкамі. Ашчаслівец!.. Ды пайшло яно ўсё да такой-та мацяры! Ну, беспрацоўны я, ну дык што? Затое ў мяне каханне ёсць, якое ні за якія грошы не купіш. Андрэй нават зайздросціць мне і з гэтае прычыны дае прачуханца, бо я вякнуў, што, відаць, кіну Насцю, хоць гэта будзе вельмі цяжка зрабіць; таму што грошай няма і не будзе, а маляваць іх я не ўмею. Безумоўна, гультай. Іншы неяк выкруціўся б, а мне ніяк не ўдаецца. Дык Андрэй і ўшчувае, што перастане паважаць мяне, калі я так зраблю. Ды не зраблю я нічога такога ніколі, а думаць жа нікому не забаронена. Я і не слухаў ужо Андрэя. Ён сам хоць здагадваецца, пра што гаворыць, пляце штосьці пра Міхалкова, Меньшыкава, Галівуд?.. Якога ражна? Ды хай гаворыць, бо я далёка ад яго прамоў. Я зараз з Насцяй, якая марудна-марудна здымае калготы, як абгортку з марожанага-эскімо, паволі праводзіць гарачай рукой па голых клубах, затым скідае кашулю і застаецца ў адных трусіках і станіку. Я ўжо даўно распрануты (Насця пастаралася) і чакаю яе, лежачы ў ложку, захінуты да грудзей коўдрай. Але не ў гэтым справа. Трэба толькі адзначыць, што раніцай я прапанаваў Насці выйсці за мяне замуж. Так і сказаў: