Шоўк (зборнік). Мікола Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам страница 25
Пракашляўся Насцін бацька.
– І што ты думаеш рабіць, Мікалай? – спытаўся. Голас у яго быў надтрэснуты, як барабан гітары.
– Я ўжо сказаў вам, – прамовіў я.
– Не ў тым сэнсе, – паправіўся «цесць». – Як ты будзеш жыць? Як сям’ю забяспечваць?
– Я пішу. Думаю, мае кнігі, калі іх будуць выдаваць, прынясуць не меней грошай, чым рабочы атрымлівае на заводзе ці выкладчык ва ўніверсітэце.
– Дык іх жа яшчэ не выдаюць, – заўважыў «цесць». – А да таго яшчэ доўгая песня.
– Ну, чаму… – запярэчыў я.
– А што ты скончыў? – перапыніла правакацыйным пытаннем мяне «цешча».
– Нічога, – паціснуў я плячыма. – Вучыўся на філфаку, ды кінуў. Таму што нічога новага для сябе там не адкрыў.
– Мне здаецца, – працягвала «цешча», – калі ты кажаш, што ты пісьменнік, пісьменнікі – незвычайныя людзі. Проста так жа нічога не пішацца. Яны ўвесь час думаюць, перажываюць, уначы ўсхопліваюцца і спяшаюцца да стала, каб занатаваць думку, пакуль яна не збегла. Нічога незвычайнага, як мне здаецца, у тваіх паводзінах не бачна.
– А хто вам сказаў, што пісьменнікі не такія, як звычайныя людзі? Яны такія ж, як усе, толькі адрозніваюцца іншым складам мыслення ды ладам жыцця.
– Усё гэта добра, – зноў у гаворку ўступіў «цесць». Я так зразумеў, што ён увогуле не чуў, аб чым мы толькі што размаўлялі з ягонай жонкай. – Усё гэта добра, – паўтарыў ён, – мяне цікавіць, за што вы будзеце жыць? Чым сям’ю карміць будзеш?
– Працаваць буду я, – умяшалася Насця. – А Мікола будзе пісаць і дзяцей няньчыць.
На гэтай аптымістычнай ноце размова была завершана. Па шчырасці, мне было напляваць, што думаюць пра мяне Насціны бацькі, але не напляваць было самой Насці. З ёю размовы наконт мяне, скіраваныя на разрыў усялякіх адносін паміж намі, будуць праводзіцца штодзень.
Так я думаў, калі вяртаўся ад Насці да сябе, але дамоў не пайшоў. Мяне пацягнула ў Дом літаратара на чарговае панядзелкавае пасяджэнне. Я даўнавата там не быў, а быў якраз панядзелак, тым больш, што настрой патрабаваў нейкага духоўнага адхлання. А там павінны чытаць вершы.
Першага на трэцім паверсе я сустрэў Мініча. Ён курыў перад люстэркам, расчэсваючы вусы. Я моўчкі падыходзіў да яго з-за спіны, але не ўбачыць мяне Мініч не мог. Мая рука легла яму на плячо і развярнула тварам да мяне.
– Прывітанне, Мініч, – прамовіў я. – Я прыйшоў табе доўг вярнуць.
Мініч нарабіў такога грукату, што мне здалося, нібыта ў Мінску – сапраўдны землятрус. Ён перакуліў сваім целам тумбачку з люстэркам. Мала таго, пабіў тое самае люстэрка, якое аскепкамі, нібы медалямі, упрыгожвала яго грудзі. З носа цякла кроў, а цыгарэта тлела побач з яго галавой.
На шум павыбягалі маладыя ды раннія геніі, кінуліся на дапамогу Мінічу, ды мне было ўжо не да іх. Я паволі спускаўся на першы паверх, не зважаючы на тое, што мяне клікалі. Не ведаю, для чаго. Але вяртацца я не збіраўся, хаця і хацеў паслухаць вершы.