Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык страница 23
– А скуль жа ж, цётко, будзяцё?
– З Лезнявiч я… Сцяпана Чарняўскага жонка. Можа, чулi? Што з Амэрыкi не вярнуўся.
– Не, цётко. Я во пяты год як замужам тут, а сама то буду здалёк.
– А, хiба што, – баба ў чорным кажусе махнула галавою, паклала руку на руку, абапiраючыся на карычневы, у белаватых вочках, арэхавы кiёк. – Гэта ж сённяшняю ноччу зладзеi ў маю хату ўбiлiся. Палатно ўсё паняслi. Усё!.. Каб iм з гэтага палатна сарочкi на смерць шылi. Цi ж жарты – дванаццаць кускоў! Каб ён дванаццаць дзянёчкаў канаў, каб над iм дванаццаць дзён столь здзiралi, колькi ён забраў мае працы, труду майго… – Голас у бабы змянiўся, яна шморгнула носам, i сухiя, зморшчаныя губы яе пачалi крывiцца, барада дробненька задрыжала, на чырванаватай шчацэ пасунулася сляза, пакiдаючы мокры шнурок, дабегла да краю губы. Кабета злавiла яе языком. – I след як у вашу вёску iдзе.
– Ах, лiха! – рот у Вольгi разявiўся, жоўтыя вочы глядзелi недзе ў сябе. Яна, мусiць, думала, хто ж гэта ездзiў на начлег, перабiраючы ў памяцi ўсiх, хто ў вёсцы меў коней.
– Пайду да солтыса.
– Дак пэўна ж, цётко, – схамянулася Вольга i, не знiмаючы з iржавых драцяных кручкоў сваiх рук, стала паказваць каромыслам на солтысаву хату: – Вуньдзека, як будзе адсюль, трэцяя хата. З белымi вокнамi… Бачыце?
– Чаму ж не, – кабета разагнулася, зняла з кiйка адну руку i зацюкала гэтым лёгкiм, пустым кiйком па цвёрдай умёрзлай зямлi, потым абярнулася i спытала яшчэ: – Кажаце, тая, што з белымi вокнамi?
– Ага, – азвалася з-пад калодзежа Вольга, ловячы абслiзганую з драўляным акаваным вядром жэрдку.
Хмурная ранiца нiзка вiсела над вёскай. Сiвая, як попел, высушаная марозам зямля была прысыпана лёгкiм, нiбы тапалёвы пух, снегам. Шарэлi падсушаныя марозам платы, збуцвелая, прыцярушаная снегам салома на стрэхах. Толькi мох, што ўсю восень цвiў зялёнымi купiнамi на старых хатах i гумнах, цяпер зрабiўся жаўтлявы.
Вольга набрала вады i, гнучыся пад каромыслам i расплюхваючы яе на сiвыя ад пылу чаравiкi, борздзенька пайшла вулiцаю – ёй не цярпелася каму-небудзь расказаць навiну.
Пад полудзень гэтая навiна, як балван з гары, пакiдаючы чорны след i большаючы, дакацiлася да Корсакавай хаты.
Гаварылi ў вёсцы, што сёння ўночы верасаўскiя начлежвiкi пакралi ў Лезнявiчах палатно i што палiцыя лавiла Мiцю Корсака i двух Алесiных малацьбiтоў.
Прынясла гэтую навiну ў хату, вярнуўшыся з сяла, Хрысця.
– Я ж як i чуў, што тое будзе. Падаткнулi дурня! А цяпер дакажы – укроў цi не ўкроў, а адвячаць то прыйдзецца, – загаварыў Корсак, не паднiмаючы галавы i адварочваючыся, каб не глядзець на Мiцю.
Мiця ўздыхнуў, падняўся з лавы, прыкусваючы нiжнюю губу, пайшоў за плiту.
– Во, i не ў нос. Пыхi колькi, бачыў ты. – Корсак пагнуўся i стаў заглядваць, круцячыся сярод хаты, то пад ложак, то пад лаву. Вочы ў яго налiвалiся крывёю. – Дзе ж яно?.. Палатно дзе, лiха твае матары!
– Дзе? – хмыкнуўшы, перапытаў Мiця. – У печы – дзе ж?..
– Як?