Захоп Беларусі марсіянамі. Алесь Аркуш
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Захоп Беларусі марсіянамі - Алесь Аркуш страница
Кроква прысьніў Власта, прычым той быў у нейкім напаўразбураным памяшканьні. Будынак нагадваў корпус закінутага цэху. У сярэдзіне будынка ўся падлога была засыпана друзам. Праз прабоіну ў сьцяне Васіль пабачыў абрысы полацкай каменнай пажарнай вежы – значыць, гэта недзе ў раёне помніка Сімяону Полацкаму, падумаў ён. Але там няма ніякіх прамысловых аб’ектаў. Хіба што толькі гаражы мясцовай пажарнай часткі.
Кроква адразу пазнаў Власта. Ластоўскі быў дакладна такі, як на клясычным фотаздымку, – у сьціплым шэрым гарнітуры, з вузкай стужачкай гальштука. Мужчыны павіталіся, але толькі на словах. Власт руку не падаў, а Кроква не насьмеліўся гэта зрабіць. Пры гэтым абодва размаўлялі неяк тэлепатычна, іх вусны былі нерухомыя. Тады Крокве гэта не падалося незвычайным. Толькі нараніцу, асэнсоўваючы сон, ён згадаў гэтую дзіўную акалічнасць.
Власт паклікаў Крокву ісьці за ім. Яны мінулі цэнтар закінутага памяшканьня. Роўна ў сярэдзіне будынка ў столі была дзірка, праз якую на падлогу, амаль вертыкальна, падаў прамень. У зыркім сьвятле віравалі клубы пылу, як мільярды плянэтаў у невядомай галяктыцы. Кроква заўважыў, што побач з гэтым промнем абрысы постаці Власта захісталіся і згубілі выразнасьць. Але калі Власт пайшоў далей, гэтыя зрокавыя хістаньні зьніклі. Насупроць чарговай прабоіны ў сьцяне Ластоўскі спыніўся. У пэрспэктыве праспэкту Францыска Скарыны праглядаўся будынак полацкай мэрыі. Усё яго левае крыло пужала чорным колерам, відавочна гэта сталася ў выніку або пажару, або нейкага моцнага задымленьня. Над будынкам лунаў незразумелы сьцяг з вэртыкальнымі чорнымі палосамі.
– Полацак захапілі марсіяне, – сказаў Крокве Ластоўскі.
– Але ж я ўчора днём быў у гэтым будынку – ніякіх марсіянаў там ня бачыў, – зьдзіўлена пра мовіў Васіль, хутчэй для самога сябе, бо зараз абгарэлую мэрыю ён мог назіраць на ўласныя вочы.
– Больш таго, яны ўжо захапілі ўсю Беларусь, – дадаў Власт.
– І што цяпер рабіць? – разгублена спытаў Кроква.
– Трэба ратаваць Бацькаўшчыну. – Вусны Ластоўскага заставаліся нерухомымі, але Кроква выразна пачуў гэтыя словы.
– Як ратаваць?
– Напрыклад, напісаць кнігу з назвай «Захоп Беларусі марсіянамі», – адказаў Ластоўскі.
– І гэта ўсё?! – Вочы полацкага пісьменьніка акругліліся ў трывожным зьдзіўленьні.
– Гэта толькі пачатак, але мусіш ужо заўтра пачаць працу. – Голас Ластоўскага гучаў без якіх-кольвечы пачуцьцяў, як у ваеначальніка, які павінен рабіць выгляд, што ўсё пад кантролем, няма чаго хвалявацца, і калі ня будзем губляць галавы, то пераможам.
Прачнуўшыся, Кроква сеў на ложак і хвілінаў дваццаць асэнсоўваў сон. У сьне ён не паабяцаў Власту, што напіша раман «Захоп Беларусі марсіянамі». Да таго ж назва гэтая яму абсалютна не падабалася. Якія яшчэ марсіяне?! Але нейкае трывожнае пачуцьцё вярэдзіла душу.
Дваццацігадовы Алесь Дудар прыехаў у Полацак цягніком з Віцебску. Лютаўскі дзень ужо хіліўся на вечар. На вакзале Алесь пачаў распытваць, як яму адшукаць рэдакцыю газэты «Полоцкий пахарь», але ягоную рафінаваную беларускую мову ня кожны мог тут зразумець. Можа з трэцяга запыту яму дапамагла чарнявая дзяўчына, якая патлумачыла, як прайсьці да будынка, у якім месьцілася рэдакцыя. Дудар меў накіраваньне на працу ў полацкую акруговую газэту.
Лютаўскі мароз хутка пачаў даймаць паэта. Ён пэрыядычна хаваў твар у каўнер свайго кажушка, які шмат пабачыў на сваім вяку. Поўсьць авечкі захоўвала пахі роднага бацькоўскага дому, і гэты ўспамін таксама саграваў хлопца. Дудар сьпяшаўся трапіць у рэдакцыю – часу яму бракавала. Паэт мог застацца проста пасярод вуліцы, калі нікога не засьпее.
Па дарозе Алесь думаў пра беларускі горад. У цягніку ён увесь час чуў беларускую мову, большасьць людзей у вагоне былі вяскоўцамі або жыхарамі невялікіх мястэчак. Яны абмяркоўвалі віды на ўраджай, кошты на полацкім кірмашы, нейкія свае турботы і клопаты. Але як толькі Алесь ступіў на вакзальны пэрон у Полацку, як мова нібыта адразу зьнікла. Горад сустрэў яго расейскай гаворкай. Так было і ў Віцебску, дзе ён месяц адпрацаваў у тамтэйшай газэце. Вось і ягоныя звароты да полацкіх чыгуначнікаў не былі зразуметыя. У такіх выпадках Дудар часам пераходзіў на расейскую мову, але гэтым разам заўпарціўся і пачаў шукаць іншага суразмоўцу. Заўжды яму рабілася прыкра і балюча. Чаму так? Гэтае пытаньне ён задаваў сабе сотні разоў. Мелася некалькі адказаў, але ўсе яны не задавальнялі Алеся. Ён зноў і зноў вярэдзіў сваю душу тым балючым пытаньнем, спрабуючы знайсьці ня толькі адказ, але і спосаб, як гэтую праблему разьвязаць. Для Дудара не было ніякага іншага варыянту будучыні роднай Беларусі, як толькі ў разьвіцьці і пашырэньні роднай мовы. «Беларусі перадусім не хапае нацыянальнай культуры», – казаў сабе Дудар. Таму, па вялікім рахунку, і была заснаваная Дударом і яго паплечнікамі