Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ордэн Белай Мышы (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 4
– Ваша вялікасць, тут жанчына…
– Дзе? А, яна… Яна ўсё ведае. Ну і што ты скажаш, пісьменнік, пра гэты ліст?
– Пакідаючы сэнс на сумленні аўтара, скажу, што сфармулявана даволі хвостка. Адчуваецца стыль.
Пачуўшы апошнія словы, жанчына ледзь прыкметна здрыганулася.
– Вось-вось, – працягваў кароль. – Ты не здагадваешся, хто мог яму дапамагчы? Што гэта за стыліст?
Пісьменнік задуменна пасмоктваў віно і маўчаў. Але кароль, відаць, і не спадзяваўся нешта даведацца. Ён дажаваў маслінку, выплюнуў костачку на далонь і стрэліў ёю ў полымя каміну.
– Назавем рэчы сваімі імёнамі. – Голас манарха зноў гучаў спакойна, нібы нядаўні ўсплеск эмоцыяў быў проста тэатральнаю карцінкай. – Цябе ніхто не чытае, а мяне ніхто не любіць. Я прапаную выгодныя ўмовы. Тваім чытачом буду я…
– А я – вашым падданым?
– Не здагадаўся. Маім улюбёным пісьменнікам. Я мяркую, разам нам не будзе сумна. Будзем сустракацца вось тут, ля каміна. Ты кажаш, Вечнасць – гэта адсутнасць часу. А што ў такім разе смерць? Мой знаёмы філосаф лічыў, што смерць – нішто, але што мы, ну там, будзем адчуваць гэтае нішто. Карацей кажучы, ты згодны.
Кароль глынуў віна і загадаў падаваць дэсерт. Пахолак з абліччам шпалернага героя нячутна выйшаў.
– Ваша вялікасць… – загаварыў пісьменнік, нічым не выяўляючы згоды.
Кароль папераджальна падняў руку.
– Больш ні слова! З твайго дазволу я на хвілінку адлучуся. Улічы яшчэ тую акалічнасць, што найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода дасць табе магчымасць выдаць свае кнігі.
Калі дзверы за манархам зачыніліся, пісьменнік цераз стол паслаў жанчыне красамоўны позірк, у якім адбівалася цэлая гама эмоцыяў – ад непрыхаванага захаплення да спадзявання на параду.
Жаравалосая неяк няпэўна пахітала галавою, што можна было трактаваць і як засцярогу, і як заахвочванне. Пасля гэтага маўклівага дыялога пісьменнік падняўся і, зрабіўшы некалькі крокаў, працягнуў ёй сваю візітоўку.
– Як вас завуць?
Ён хацеў сказаць штосьці яшчэ, але жанчына прыклала палец да вуснаў і, хутка схаваўшы візітоўку, паказала пісьменніку вачыма на ягонае крэсла. Той ледзьве паспеў сесці і ўзяць у рукі келіх, як у дзвярах з’явіўся гаспадар.
– А вось і я! – весела абвясціў ён, памахваючы мабільным тэлефонам. – Вы тут не сумавалі? Як справядліва казалі ў часы Тамаша Аквінскага, а таксама і значна пазней, solus cum sola