Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Таямніцы полацкай гісторыі - Уладзімір Арлоў страница 24
Завяршаецца гэты напоўнены трагічнымі падзеямі змрочны тэкст фрагментам «Аб прамудрасці»: «Калі ж прайшоў адзін год, быў Усяславу ўначы цяжкі сон. Бачыў ён тройчы дзеву-ваярку ў чорным воблаку, асветленую бліскавіцамі, са святым крыжам у правай руцэ. А потым перамянілася хмара і з’явіўся храм, і дзева ўвайшла туды і зачынілася».
Каб чытач адчуў «водар» арыгіналу, сказ, на якім абрываецца рукапіс, пададзім без перакладу: «И глас бысть страшен зело: «Се Софея, сиречь Премудрость…»»
Пакуль ворагі скрыгаталі зубамі і выкрывалі будаўніка Сафіі ў бязбожнасці, крывіцкая зямля дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Абшарам Полацкае княства было роўнае такім тагачасным еўрапейскім дзяржавам, як герцагства Баварскае ці каралеўства Партугальскае. Апроч сталіцы яно налічвала васемнаццаць гарадоў: Віцебск, Браслаў Заслаўе, Усвят, Копысь, Менск, Орша, Лукомль, Лагойск, Друцк, Галацічаск, Барысаў, Стрэжаў, Некалач, Емянец, Одрск, Гарадзец і Крывіч-горад, які потым будзе называцца Вільняй. Улада Полацка пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Балтыйскага, або, як яго тады называлі, Варажскага мора. На землях, дзе жылі продкі сучасных латышоў стаялі гарады Герцыка і Куканос, якімі кіравалі полацкія васалы. Такім чынам, Полацкае княства мела выйсце да мора ці, іначай кажучы, было марской дзяржавай.
Унутраны запас стваральнай энергіі (вядомы гісторык і этнолаг Леў Гумілёў называе яе пасіянарнасцю) Полацкай дзяржавы быў настолькі магутны, што за адно XI стагоддзе яна дасягнула сваёй велічы: незалежная палітыка, ваенныя перамогі, эканамічны ўздым, высокі ўзлёт мастацтва… Усе спробы інкарпараваць княства ў склад Кіеўскай Русі заканчваліся правалам – і пры Уладзіміры, і пры яго нашчадках. Асобнае месца незалежнай Полацкай зямлі ва ўсходнееўрапейскай геапалітыцы сталася невырашальнай праблемаю для ўсіх «класічных» расійскіх гісторыкаў – ад Тацішчава да сучасных. Наша першая дзяржава ўпарта не клалася ў схему «адзінай старажытнай Русі», таму і ў падручніках, і ў манаграфіях на гэтую тэму Полацкае княства прыгадвалі ўскосна, а часам наогул не ўспаміналі.
Камусьці