Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 40
Човен прыстаў да берага і захістаўся, уткнуўшыся носам у пясок. Мацвей, не вагаючыся, мо й не ўсведамляючы, што гэта ён робіць, устаў і ступіў з чоўна ў ваду. Добра, што тут было мелка, хоць глыбіня і не спыніла б яго тады, бездань нават не спыніла б, чортава вока, ён ступіў бы і ў гэтае вока і верыў бы: вада падыме яго, не пацягне ўніз, у тую хвіліну ён здолеў бы хадзіць і па вадзе. Човен падскочыў кармой і загойдаўся яшчэ мацней. Ён падышоў да Алены, падаў ёй руку. Яна ўзяла яго руку і ступіла не на бераг, а да яго ж, у ваду. Хвіліну-другую яны стаялі нерухома, глядзелі сабе пад ногі, як асядае ўзважаны, скаламучаны імі пясок, слухалі, як вада пяшчотнаю прахалодай абдымае іх ногі. Пясок яшчэ клубіўся пры самым дне, як невядома адкуль набеглі пячкурыкі, вёрткія і празрыстыя, што крыло страказы, пачалі шчыпаць, казытаць іх за ногі. Вывернуўся паласаты, што дзічок-нарсючок, акуньчык, намерыўся на пячкурыка каля ног Алены, але прамахнуўся, тыцнуўся Алене ў палец, лагодна варухнуў плаўнікамі: а я, маўляў, і не хацеў, мне нічога і не трэба было – адышоў. Але тут жа развярнуўся і зноў кінуўся за пячкурыкам і зноў прамазаў, зноў тыцнуўся ў палец Алене. I, здаецца, зазлаваў, раз-пораз без перадыху пачаў дзяўбці гэты яе палец.
– Ён цябе з'есць, – сказаў Мацвей.
Алена не адказала, прыціснулася да Мацвея, і яны выйшлі на бераг, да цёплай і мяккай травы пад дубам, што схіліўся над вадой. Пад тым дубам месца было занята буслом, але ён саступіў яго Алене з Мацвеем, пайшоў да лугу, моўчкі і нясмела, як саромеўся, што яго тут заспелі.
– Куды ж гэта ён, навошта гэта ён сыходзіць адсюль? – спытала Алена.
– Ён ведае, ён усё ведае, – адказаў Мацвей, паглядзеў на дуб і падумаў, што дуб таксама ўсё ведае і разумее. Але ўпэўненасці не адчуў, была ў ім нейкая нерашучасць, непаразуменне нейкае. Упэўненасць прыйшла крыху пазней, калі ён глядзеў ужо не на само дрэва, кручаны і верчаны ствол яго, а па яго голле, лістоту. Лісце было чырвона-крывавага адцення, але з аднаго толькі боку, дзе стаяў ён з Аленай. Мацвей здзівіўся незвычайнаму колеру лісця, слізгануў вокам па траве. Прыкмеціў вогнішча. I ўспомніў.
Гэта быў іх дуб. Яны часта на лодцы ці чоўне плавалі да яго раней. Дарослыя ж бывалі тут рэдка. Не было тут дарослым ніякай справы. Дарога аббягала дуб, яна пралягала да сенажаці і Балоні нацянькі, а рэчка тут кружыла, як блытала сляды, нібы гулліва пацвельвала дуброву, уразалася ў дуброву, развальвала, пластавала яе надвае і давала ўцекача. I дубы гналіся за ёю, беглі высокім берагам