Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов страница 10
Са скрыўленым ад лютай злосці тварам, Аксіння, як на кароткай дыстанцыі, мігам прабегла па ўсёй хаце на сваіх дзябёлых ножках. І, як слуп, застыла каля акна. Там і заціхла. Быццам праглынула жабу. Толькі маленькія вочкі бегалі туды – сюды, нешта вышуквалі. І такое падазрэнне нечакана нараджалася: нібыта кабета курэй усю ноч крала ў суседкі… Відаць, адразу змікіціла, чым тут пахне. У такіх выпадках, каб сабе не нашкодзіць, лепей набраць у рот вады. Інакш – справа дрэнь. Жаночы віск вылезе бокам.
Потым пры сведках складаўся адпаведны пратакол, былі пастаўлены акуратныя подпісы. Знайшліся і дакладныя ўлікі: пузатая бочка з брагай, трохлітровы слоік з гарэлкай. Ды й розныя прыстасаванні для вырабу даходнага «самагнёту». Пакуль самагоншчыца пускала слязіну, блудлівы кот нечакана цішком даў драпака. Увечары адразу прытэпаў да знаёмай брамы, дзе жыла яго законная жоначка і маленькая дачушка.
Марыйка тады зрабіла выгляд, быццам нічога асаблівага і не адбылося. Маўляў, усё на свеце здараецца. Затрымаўся. У брыгадзіра-будаўніка шмат абавязкаў. Запрасіла нават ветліва да стала:
– Сядай, даражэнькі мужанёк, вячэраць. Пэўна ж, галодны, стомлены пасля рабочай змены. Вунь бульба на пліце засталася, а катлеты ў халадзільніку. Ды халоднымі не каўтай, спачатку разагрэй!
Прамаўчала тады. Нічым нават не ўпікнула. І не запыталася: дзе ж так доўга бавіў час? З кім? Чаму не папярэдзіў? Зрабіла выгляд, быццам яе гаспадар толькі што вярнуўся з працы. Заціснула крыўду і свой горкі боль у маленькі кулачок. Бо ў хаце дзеці, не адна, не вольная птушка. А маленькім дзеткам яшчэ быў патрэбен бацька, ягоная матэрыяльная і маральная падтрымка. Нікому не сказала, не падзялілася сваёй горкай бядой. Добра ведала: выказанага слова за губы не вернеш! А сямейная праўда – не шкварка, з блінам не з’ясі. Вырашыла: няхай гэтая непрыемная падзея назаўсёды застанецца тайнай.
6
На наступны дзень, калі крочыла да свінафермы, шмат чаго перадумала. Можа, сама вінаватая ў тым, што Антось такі гуляка? Бо не атрымлівае належнай ад яе ўвагі, пяшчоты… Таму і заляцаецца да чужой жаночай спадніцы, шукае прыгоды на сваю галаву. А ў яе і часу не надта шмат для гарачых пацалункаў, абдымкаў… І праца патрабуе пільнай увагі. Бо загадчыца ж свінафермы. Пасада вельмі адказная. Неабходна заўсёды знаходзіцца ў курсе ўсіх спраў. Разам з начальствам, ветэрынарным урачом пастаянна рабіць агляды парасят, рупіцца пра свінаматак.
Яшчэ трэба знаходзіць навейшыя методыкі па адкорме свінак, каб давалі добрую прывагу, здаровае пакаленне. Намечаныя планы таксама патрэбна своечасова выконваць, высокія ўстановы сочаць, цікавяцца «мясным прыбыткам».
Асаблівае