Калі цвіла чаромха (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов страница 16
Потым мужчына палез у кішэню, дастаў адтуль ладны кусок цукру, з усмешкай працягнуў Розе:
– Вось, вазьмі дзятве салодкі пачастунак. Выбачай, больш нічога ў мяне сёння няма. А я патупаю далей, вунь у той сасоннік. Людцы кажуць, там мноства грыбоў. Шчаслівай дарогі. Беражы дзетак. Яны – найлепшае нашае багацце ў жыцці! Бывайце!
Узмахнуўшы моцнай рукой, Пятро хутка знік за алешнікам.
Як і казаў Пятро Мох, Мар’яша прыветліва сустрэла нечаканых гасцей. Гэта была яшчэ не старая кабета, гадоў за сорак. Невысокая, хударлявая. Апранута была па-сялянску проста, але чыста. Але самае галоўнае, не лезла ў душу з рознымі роспытамі, нічым не цікавілася. Толькі запыталася:
– Вы гараджане? Ад вайны ўцякаеце?
Роза кіўнула ў адказ. Цень трывогі хмаркай зноўку прабег па яе мілавідным абліччы, затаіўся ў вачах. Гападыня больш нічым не цікавілася. Яна запрасіла падсілкавацца тым, што бог даў. Вандроўнікі адразу памылі рукі, прыселі за абедзенны стол. Духмяная бульбачка з агуркамі былі ў той вечар самымі цудоўнымі пачастункамі на свеце!
Спаць паклалі прама на падлозе, на духмяным сене. Вольнага месца ў хаціне не знайшлося. Сямейка Мар’яшы налічвала пяцёра чалавек. Дзеціпадлеткі, свякроўка са свёкрам уклаліся на ложках, на драўлянай канапе. Сама гаспадыня залезла на шырокую печ. Доўга там варочалася, ўздыхала і нарэшце заснула. Толькі маладой вандроўніцы не спалася! Занепакоеная, яна ўсё думала пра свайго мужа, трывожылася. Хоць бы жывым застаўся Яшка! У дваццаць чатыры гады лічыцца ўдавой, з маленькімі дзеткамі, ды яшчэ без жылля і матэрыяльнай падтрымкі – не надта прыемнае становішча! І як яшчэ іх сустрэнуць у той далёкай вёсцы, дзе чакае адна невядомасць…
Пад раніцу разбудзіў моцны стук у акно. Гаспадыня, наспех апрануўшыся, выбегла ў сенцы. Праз хвіліну ў хаце з’явіліся паліцаі, а з імі – чалавек у чорным мундзіры. Адзін з іх – нахабны, самаўпэўнены, з шырокім, як засланка, тварам, тыцнуў кручкаватым пракураным пальцам у бок Розы і яе дзяцей:
– Хто такія? – запытаўся грозна.
– Гэта – бежанцы, Мікіта Макаравіч! – спакойна адказала Мар’яша. – Вось папрасіліся ўчора ўвечары да нас пераначаваць. Дазволіла. А што такое, чаму так рана прыляцелі ў нашу вёску? Штосьці здарылася на чыгунцы?
– Не, нічога асаблівага не адбылося, чарговы агляд вясковых хат, – супакоіў знаёмец.
«Чорны мундзір», затрымаўшы цяжкі позірк на спалоханай Розе, паправіў фуражку. Глуха гыркнуў паслугачу:
– Юда, кіндар…
Той адразу кінуўся да Яніка, сцягнуў уніз штонікі… Дзеці заплакалі.
– Не, пан афіцэр, не абразаны. Беларускі хлопчык! – амаль весела адказаў Мікіта.
А сам запытаўся ў збялелай маладзіцы:
– Дзе дакументы? Давай сюды, хутчэй пакажы!