Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 15
Леановіч дастаў з ягдташа скрыначку з дуэльнымі пісталетамі.
– Мае, – сказаў ён, – дагледжаныя, выбірайце першы – лепшы.
I, кінуўшы на зямлю плашч, пачаў мераць ад яго крокі.
– Дзесяць крокаў, спадзяюся, не многа? – са злоснай іроніяй спытаў ён.
I хоць гэта была адлегласць смерцi, – бледны Гораў сурова кіўнуў галавой.
– I ад бар’ера яшчэ пяць крокаў, на падыход, – сказаў Леановіч.
Яны разышліся на крайні след.
– Па першым крыку кнігаўкі,– крыкнуў Леановіч.
За дваццаць крокаў, зусім блізка, Гораў бачыў постаць ворага з пісталетам у апушчанай руцэ. Бачыў страшныя блакітныя вочы, прыгожы рот, сціснуты ў змрочнай і жорсткай усмешцы. I ён ведаў, што, як бы ні хацелася жыць, ён, Гораў, не стане на бар’еры бокам да ворага, не заслоніць грудзей пісталетам – хоць правілы дуэлі і дазваляюць гэта. Бо было нешта большае за страх, які жыў у ім.
– Па першым крыку кнiгаўкi, – паўтарыў Леановiч.
Кнiгаўкi, спуджаныя крокамi, стаiлiся, але потым пачулi цiшыню i пачалi ўзлятаць.
Каўкнула першая.
– Пара, – сказаў Леановіч.
Гораў пайшоў, уздымаючы пісталет. Як праз сон, ён бачыў усё бліжэй і бліжэй пустыя сінія вочы. Крок. Яшчэ адзін. Яшчэ.
Мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак. I Гораў з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці, бачыў гэта.
I яшчэ бачыў, як са спакойнай усмешкай ішоў на яго вораг і ягоны пісталет быў ужо амаль на ўзроўні грудзей.
I тады, ведаючы, што даволі ісці, што гэта апошняя хвіліна жыцця, і пакутуючы гэтым, і не шкадуючы ні аб чым, Гораў удыхнуў гаркаватае паветра і, не цэлячыся, націснуў курок.
Лёгкі дымок празрыстым камячком вэлюму паплыў на ўзроўні яго вачэй. Праз гэты дымок здзіўленыя вочы Горава ўбачылі, як Пора-Леановіч таргануўся наперад, быццам наткнуўся грудзьмі на нешта нябачнае, і стаў.
Хіснуўся, неяк дзіўна заводзячы руку з пісталетам і гледзячы на Горава. А потым страшэнна моцным узмахам рукі адкінуў свой пісталет у балоціну.
Нейкая страшная сіла хіліла да зямлі яго дужае цела. Ён змагаўся, але яна паставіла яго на дрыготкія калені і потым шпурнула на траву сваёй магутнай рукой.
I Гораў кінуўся на дапамогу, забыўшы ўсё; прыўзняў галаву, ірвануў мундзір, раздзёр сарочку на грудзях і пабачыў нізка, пад левым саском, маленькую круглую ранку.
Гэта было зусім нястрашна, толькі адна-дзве кроплі крыві.
Але Горава здзівіла не гэта. Яго здзівілі вочы Леановіча, у якіх цяпер не было пустаты, а было мярцвянае здзіўленне і яшчэ нешта.
Леановіч варухнуў вуснамі.
– Пісталет… пісталет у багну, – заспяшаўся ён. Здзіўленыя, неяк па-дзіцячаму светлыя вочы спыніліся на Гораве, які трэсся ад непапраўнасці зробленага.
Пора-Леановіч схапіўся