Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Леаніды не вернуцца да Зямлі - Уладзімір Караткевіч страница 22
Яніс скончыў нарэшце чытаць ліст і сеў да стала.
– Езус-Марыя! – сказаў ён. – Каб ты толькі ведаў, Андрэйка, які я шчаслівы!
– Ведаю, – сказаў Грынкевіч, – мне таксама шчасна з табой.
– Еш сыр. Праўда, учарашні, падсох. Але добры.
– Хай лепей пуза трэсне, чым дабру прападаць, – сказаў Андрэй.
Налілі па чарцы бальзаму, выпілі за здароўе і доўгі век нованароджанага.
– Што Марыя? – спытаў Вайвадс.
– Спіць, я не будзіў яе.
Яніс памаўчаў. Яму цяжка было зноў пачынаць размову. Але ён, відаць, не змог замоўчаць гэтага, як паслядоўны латгалец. I таму сказаў жорстка:
– Яшчэ раз табе скажу: не падабаецца мне ўсё гэта, не тая гэта жанчына.
– А дзе лепшыя ёсць?
– Паўсюль.
– А чаму гэта яна «не тая»?
– Не тая. Жанчына павінна радасць і запал даваць або боль такі, што, здаецца, лёг бы і памёр. А гэта што? Шэрае балота звычайнага жыцця. I горш за ўсё, што ты сам гэта адчуваеш, толькі не прызнаешся. Ты паглядзі на сябе, які ты стаў? Знерваваны, прыбіты нейкі. Вершы бяскрылыя пачаў пісаць. Кінь яе, кажу, пакуль не позна.
– Сын у яе добры.
– Свайго завесці трэба.
– А ты не думаў, што заводзіць сына ад чалавека, якога не кахаеш – свінства.
– Дык чаму не пакахаць каго-небудзь?
– Тое і страшна, што я даўно ўжо не кахаю нікога. Мне амаль усё адно, з кім быць.
– Слухай, – сказаў Вайвадс, – што, урэшце, з табой такое? Мне як другу ты, здаецца, мог бы распавесці.
– Распавем, – сказаў Андрэй, – зараз.
Абодва маўчалі. Яніс дапытлівымі вачыма глядзеў, як Андрэй збіраўся з думкамі.
– Налі яшчэ па чарцы, – сказаў Андрэй. – Дык вось, справа пачалася дзесяць год таму…
Зноў лягла кароткая паўза.
– Разумееш, уся справа, напэўна, у дурацкай інтэлігенцкай мяккацеласці і ідэалізме. I яшчэ кроў: у нас у родзе ўсе палкія і заядлыя. Як завядзецца, то калі біцца, дык да смерці, калі кахаць, дык таксама да смерці, калі памятаць, дык да апошняга каменя. I з дзедам у мяне такое было, і з прадзедам. З тым дык наогул страшна скончылася. Я табе ніколі не распавядаў? Ён быў расстраляны за ўдзел у паўстанні… Ну, пра гэта я табе неяк другім разам раскажу, гэта да справы не тычыцца. Галоўнае тое, што мы вельмі страсныя і верныя людзі.
– Выпі,– сказаў Яніс, – лягчэй будзе распавядаць.
– Добра.
Яніс глядзеў на сябра, які ўсё яшчэ не мог раскачацца, вялікімі, разумнымі вачыма.
«Езус-Марыя, – думаў ён, – як ён мне падабаецца. I прыгожага ў ім нічога няма, і сімпатычнага, у агульным разуменні, таксама, і ўсё ж проста вачэй ад яго нельга адвесці».
Грынкевіч сядзеў, заплюшчыўшы вочы:
– Гэта было дзесяць год таму… Яе звалі Алёна Століч.
Раздзел