Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кліч Ктулху (зборнік) - Говард Філіпс Лаўкрафт страница 19
Што прыносіць поўня
Ненавіджу поўню, баюся яе: у гэтым зманлівым святле знаёмыя і мілыя сэрцу мясціны часам пачынаюць здавацца чужымі і варожымі.
У тое мройнае лета поўня ўзышла над старым садам, у якім я любіў блукаць, і заструменіла сляпучае ззянне на мора дурманлівых кветак і волкай лістоты, навяваючы дзіўныя шматколерныя відзежы-сны. Крочачы ўсцяж плыткага крыштальнага раўчука, я заўважыў незвычайную рабізну і гульню залацістых водбліскаў на ягонай паверхні, быццам гэтыя леныя воды ператварыліся ў імклівую плынь і скіраваліся да невядомых акіянаў, што ляжаць дзесьці за межамі нашага свету. Бязгучна-пеністыя, злавесна-зіхоткія, воды беглі, гнаныя праклёнам поўні, куды – я не ведаў. П’янлівы паўночны вецер ірваў кветкі лотаса, якімі былі ўкрытыя берагі, трапяткія пялёсткі адзін за адным, нібыта ў адчаі, валіліся ў цёмную плынь, бледныя, як абліччы мерцвякоў, і з маўклівай і страшнай пакорай знікалі ў вірах пад аркай каменнага моста.
Страх перад нязведаным зводзіў мяне з розуму, а падступныя чары мёртвых лотасаў вабілі. І калі я бег уздоўж берага, нядбайна топчучы сонныя кветкі, то раптам убачыў, што сад, азораны поўняй, зрабіўся бясконцым: там, дзе яшчэ напярэдадні ўзвышаліся сцены, паўсталі галерэі дрэваў і сцяжынак, кветак і хмызнякоў, пагад і каменных стодаў, а хуткая плынь у залацістым зіхценні вілася і вілася ўсцяж зарослых травамі берагоў, пад гратэскавымі мармуровымі мастамі. А вусны мёртвых лотасавых абліччаў нашэптвалі няясныя заклёны, вабілі мяне, прымушаючы рушыць услед за плынню, пакуль яна не ператварылася ў паўнаводную раку, што, мінаючы балоты, парослыя чэзлым трыснягом, і белыя пясчаныя выдмы, бегла да неабсяжнага безназоўнага мора.
Над тым морам зіхцела ненавісная поўня, і дзіўныя водары луналі па-над маўклівымі хвалямі. Я глядзеў, як лотасавыя абліччы знікаюць у бяздонні вод, і шкадаваў, што не маю сетак, каб выцягнуць іх на бераг і выведаць, якія таямніцы прынесла поўня ў начны сусвет. Але калі поўня пачала хіліцца да краю мора і воды бясшумна адступілі, агаліўшы панурае ўзбярэжжа, я ўбачыў у месячным ззянні старадаўнія спічакі, што ўздымаліся над хвалямі, і белыя калоны, абвітыя гірляндамі зялёнага багавіння. І, зразумеўшы, што ў гэтым патанулым горадзе знаходзяць прытулак памерлыя, я задрыжаў, не жадаючы больш гутарыць са знежывелымі лотасамі.
Аднак калі я ўбачыў далёка над морам чорнага кондара, які спускаўся з нябёс, каб адпачыць на гіганцкім рыфе, то захацеў звярнуцца да яго, спытацца пра тых, каго я ведаў, калі яны яшчэ жылі. Я б спытаў у яго, калі б ён не быў так далёка, – але ён быў занадта далёка і неўзабаве, наблізіўшыся да велічэзнага рыфа, знік з вачэй