.
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу - страница 21
– Вы знаходзіце, што ў яе непрыемны голас?
– Антуан!.. Вядома, пражыўшы дзесяць гадоў сумесна, вушы прывыкаюць… Зрэшты, гэта не яе віна, і я не папракаю… Але што цяжэй за ўсё дараваць, дык гэта тое, што, падхапіўшы сабе такога мужа, як вы, яна…
– Што яна?
– Ды так, нічога…
– Вы не маеце права, Сабіна, пачынаць фразу з намёкам і абрываць яе. Ці не шапнулі вам вашы інфарматары, што ў Франсуазы былі палюбоўнікі?
– Вы сур'ёзна пытаеце, Антуан?
– Зусім сур'ёзна, магу вас запэўніць…
– Вы ведаеце добра, мой мілы, што гэтак гавораць пра ўсякую прыгожую жанчыну… Хто яго знае?.. Бывае дым і без агню… Франсуаза неасцярожная. Прыпамінаю, што ў Пон-дэ-Лёры сцвярджалі нават, што яна кахала вашага брата.
– Бертрана?
– Ну так, Бертрана.
– Чыстае ідыёцтва… Бертран увасабленне сумленнасці.
– Я ім гэта сто разоў паўтарала… Франсуаза і не здагадваецца, што я самы шчыры яе абаронца… А што там за матылькі беленькія мільгаюць у месячным святле?
– Гэта павой.
– Цудоўна! Евангельскія ліліі даліны, ці ж няпраўда?
– Я б гэтага не сказаў… А ці не пара нам вярнуцца?.. Мабыць, нас чакаюць…
– Куды вы так спяшаецеся, Антуан?.. Я б ахвотна правяла з вамі ўсю ноч у гэтым садзе.
– Я, здаецца, азяб.
– Дайце мне вашу руку… О, ды яна як лёд!.. Дазвольце, я прыкрыю вас лёгенька сваім плашчом?.. І мы б маглі гэтак жыць, сэрца к сэрцу, увесь век… Вы аб гэтым не шкадуеце, Антуан?
– Што я магу вам сказаць, Сабіна?.. А вы? Вы шчаслівая?
– Вельмі шчаслівая… Гэтак жа, як і вы, даражэнькі Антуан, гэта значыць, з адчаем у сэрцы… Гэта сцежка вядзе ўгору, праўда?.. Ад вас мне няма чаго таіць… Я доўгі час сабе жадала смерці… Цяпер яно лепш… Я супакоілася… Вы таксама.
– Якая вы здагадлівая, Сабіна!
– Не забывайце, што я вас калісьці любіла, Антуан… Гэта абвастрае зрок… Падтрымайце мяне, калі ласка… Гэты пад'ём даволі круты… Скажыце мне, Антуан, калі вы нарэшце агледзеліся? Калі вы ўбачылі Франсуазу такой, як яна ёсць? Бо як жаніліся, вы былі сам не свой, яна вам свет завязала.
– Баюся вам пярэчыць, Сабіна, але нязгоды між намі і цяпер няма… Зразумейце мяне правільна… Я і сёння адчуваю вялікую прыхільнасць да Франсуазы… «Прыхільнасць» – слова смешнае, слабае, – я люблю Франсуазу… Але, як вы толькі што трапна сказалі, першыя два гады пасля нашага шлюбу, я быў сам не свой ад пачуццяў, каханне наша было моцным, непарушным і, маю ўсе падставы сцвярджаць, узаемным.
– Вось як!..
– Што «вось як»?.. О не, Сабіна, вы заходзіце надта далёка… Але вам не ўдасца знішчыць маіх успамінаў… Франсуаза дала мне такія доказы кахання, што сляпы і той бы пераканаўся.