Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Разламашкі майстра Люфта (зборнік) - Кацярына Мядзведзева страница 19
– Я хацеў бы паказаць яго Дэйсі, калі ты не супраць, – і Лемюэль усміхнуўся так лісліва, як толькі ўмеў, падштурхоўваючы мяне локцем, каб і я закінула слоўца.
– Ты ведаеш, дзе ён стаіць, – сказала цётка хмурна.
Мы дабраліся да кладоўкі і дрыготкімі рукамі выцягнулі куфар. На жаль, ён быў адкрыты (замок зламаны, як сказаў Лемюэль) і пусты… Я не ўтрымала гаротнага ўздыху. Калі так пойдзе далей і я не знайду спосаб зняць закляцце, то змагу зарабляць на жыццё, адкрыўшы школу трагічных уздыхаў і прыбітых горам поглядаў. Так, і чытаць лекцыі на тэму: «Як сапсаваць сабе жыццё»…
– Здаецца, тут і праўда былі скарбы, – засмучана сказаў Лемюэль.
– Скарбы, як жа, падстаўляй кішэнь, – аказалася, цётка Генрыета стаіць у нас за спінай. – Там не было нічагуткі каштоўнага, толькі купка трухлявых старых кніг, спісаных нечытэльным дробным почыркам.
Мы страпянуліся. Перазірнуліся.
– І дзе ж цяпер гэтыя кнігі? – спытаў Лем.
Цётка пажавала вуснамі.
– Дзе-дзе. Дзе ім і месца – на памыйніцы.
Лем схапіўся за галаву.
– Там бы яны і апынуліся, калі б твая маці не забрала іх, – працягвала цётка. – У яе нездаровая прыхільнасць да ўсяго, дзе напісаны ці надрукаваны літары.
Так, цётка Генрыета паважала толькі адзін від паперы – той, на якім надрукаваны грошы. Уся іншая папера была патрэбна ёй для таго, каб загортваць селядзец ці высцілаць дно смеццевага кошыка. Якое шчасце, што яна не падпаліла камін запіснымі кніжкамі свайго бацькі.
– Няўжо яна не ведала, чым займаўся сэр Грымсвотн, не разумела ўсёй каштоўнасці яго запісаў? – не магла супакоіцца я, пакуль мы хуткім крокам ішлі да дому бацькоў Лемюэля.
– Ведала, чаму ж не, – адказаў Лем. – Але ж ты разумееш, падобныя ёй людзі лічаць, што кнігі – гэта смецце, а ўсе прыбыткі стары Грымсвотн атрымліваў проста таму, што з поспехам пудрыў людзям мазгі. Пачуй яна, якія сумы прапаноўвалі канкурэнты прадзеда за гэтыя запісныя кніжкі, яна б з інфарктам звалілася.
– Твая маці таксама ведала гэта?
– Усе ведалі. Але маці і бацька шануюць сямейную спадчыну. Фамільныя архівы значна даражэйшыя за грошы. Ах, Дэйсі, як я рады, што прадзедавы кнігі ў руках маёй матухны! Яна з кніг парушынкі здзімае. Хутка, зусім хутка ты атрымаеш у рукі разгадку сваёй таямніцы. «Самыя дзейсныя сродкі», старонка 87. Можа, па дарозе купім шампанскага? Каб адсвяткаваць поспех?
Але я, з маімі забабонамі, лічыла за лепшае спачатку злавіць мядзведзя, а ўжо потым паліваць яго шампанскім. Я баялася спудзіць удачу. Баялася, што «Самых дзейсных сродкаў» чамусьці не будзе ў бібліятэцы матухны Лема, што кніга заплеснела ці загінула пры прарыве водаправода, а можа, маленькі Лем зрэзаў яе ўсю, майструючы ўсярэдзіне тайнік…
Частка 12
Матухна Лемюэля аказалася маладжавай дамай з дробнымі зморшчынкамі