Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская страница 15

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская Пранціш Вырвіч

Скачать книгу

дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне – заўсёды быць на вачах у гаспадара… Дык той загадаў яго павесіць пад сваім вакном – каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутваўшыся… Нават звар’яцелы брат Гераніма Марцін, над якім Гераніму апякунства даверылі, зараз сядзіць у Слуцкім замку, кажуць, на хлебе ды вадзе.

      – З хвоста будзе ёй каса,

      З хвоста будзе,

      Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

      Ёй каса.

      Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.

      – З вочак будуць гузiчкi,

      З вочак будуць,

      Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

      Гузiчкi.

      З зубоў будуць пацеркi,

      З зубоў будуць,

      Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi,

      Пацеркi, – з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.

      Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма – суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта суддзі снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулея дымар:

      – Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?

      Юдыцкі абурана цыкнуў скрозь зубы, як на надакучлівае кацяня.

      – Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!

      Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо.

      – І праўда, маўчаў бы ты… – і ветліва звярнуўся да суддзі. – Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацку дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!

      Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў словаў:

      – Што ж, маладому чалавеку, накшталт вас, карысна будзе паслухаць…

      Вырвіч адчуў, як Лёднік коратка ўздыхнуў, зразумеўшы Пранцысеву тактыку: да бабкі не хадзі, ясна, як яму карціць даведацца пра тую Саламею. Карэта пачала падскокваць на карэннях, сумная кавалькада ўехала ў лес. Голле час ад часу стукала па карэце, драпала яе бакі, нібыта лясун праганяў і не ў змозе быў прагнаць нежаданых гасцей.

      – Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! – звягліва прамовіў Юдыцкі. – Белагаловыя не павінны

Скачать книгу