Коннік без галавы. Майн Рыд
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Коннік без галавы - Майн Рыд страница 16
– Добра, я магу пачакаць.
– А ці не лягчэй вам будзе чакаць, калі вы спачатку змочыце горла гэтым напоем?
– Што ж, я не супраць.
– Чыстага ці з вадой?
– Шклянку грогу. Толькі прынясі халоднай вады з ручая.
Фялім узяў сярэбраны кубак і ўжо сабраўся было ісці, як раптам Тара з гучным брэхам кінулася да дзвярэй. Фялім з некаторай асцярогай накіраваўся да выхаду.
Брэх сабакі змяніўся радасным павіскваннем, быццам ён вітаў старога сябра.
– Гэта стары Зеб Стумп, – сказаў Фялім, выглянуўшы за дзверы, і спакойна выйшаў. У яго былі два намеры: па-першае, павітаць госця і, па-другое, выканаць загад гаспадара.
Чалавек, які з’явіўся ля дзвярэй хаціны, быў гэтак жа не падобны ні на аднаго з яе жыхароў, як і яны адзін на аднаго.
Ростам ён быў не менш як шэсць футаў. На ім былі боты з дублёнай скуры алігатара; у шырокія халявы былі засунуты штаны з даматканай шэрсці, якія калісьці былі пафарбаваны ў кізілавым соку, але цяпер ужо страцілі ад бруду свой колер. Прама на цела была надзета кашуля з аленевай скуры, а паверх яе – выцвілая зялёная куртка, пашытая з байкавай коўдры з выцертым ворсам. Моцна патрапаны парыжэлы лямцавы капялюш дапаўняў яго сціплы касцюм.
Рыштунак Зеба Стумпа быў звычайным для лясных паляўнічых Паўночнай Амерыкі. Сумка з кулямі і вялікі, сагнуты сярпом рог для пораху былі падвешаны з правага боку на раменьчыку, перакінутым праз плячо; куртка была перахоплена шырокім скураным поясам; на ім віселі скураныя ножны, з якіх высоўвалася рукаятка вялікага паляўнічага нажа, зробленая з аленевага рога.
У адрозненне ад большасці тэхаскіх паляўнічых, ён ніколі не насіў ні макасінаў, ні гетраў, ні доўгай блузы з аленевай скуры, аблямаванай махрамі. На яго сціплым адзенні не было вышыўкі, на паляўнічым рыштунку – упрыгажэнняў. Усё простае, амаль несамавітае, як быццам Зеб асуджаў усялякую фарсістасць.
Нават стрэльба – яго верная зброя, галоўная прылада яго рамяства – выглядала як доўгі брус жалеза, прымацаваны да неадпаліраванай карычневай дзеравякі. Калі гаспадар ставіў стрэльбу на зямлю, то дула даходзіла яму да пляча.
Паляўнічаму, адзенне і зброю якога мы толькі што апісалі, было на выгляд гадоў пяцьдзесят. Скура ў яго была смуглая, а рысы твару на першы погляд здаваліся суровымі.
Аднак, прыглядзеўшыся, вы пачыналі адчуваць, што гэты чалавек не пазбаўлены спакойнага гумару. Хітры агеньчык у яго маленькіх шэрых вочках гаварыў аб тым, што стары паляўнічы цэніць добры жарт і сам не супраць пажартаваць.
Фялім ужо ўпамянуў яго імя: гэта быў Зебулон Стумп, ці «стары Зеб Стумп», як звалі яго ў вузкім коле знаёмых. Калі яго пыталі, адкуль ён родам, ён заўсёды адказваў: «Кентукіец па нараджэнню і выхаванню».
Зеб Стумп нарадзіўся і вырас у штаце Кентукі і правёў сваю маладосць сярод некранутых лясоў ніжняй Місісіпі, займаючыся выключна паляваннем. Цяпер, на схіле гадоў, ён працягваў гэты ж занятак, але ўжо ў