Коннік без галавы. Майн Рыд
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Коннік без галавы - Майн Рыд страница 7
Закончыўшы сваю водпаведзь, дзяўчына зноў адкінулася на падушкі, змераўшы капітана позіркам, поўным абурэння і пагарды. Потым яна зашморгнула фіранкі карэты, даючы гэтым зразумець, што больш не жадае з ім размаўляць.
Крыкі вазніцаў вывелі капітана са здранцвення. Фургоны зноў рушылі ў дарогу па змрочнай прэрыі, якая наўрад ці была больш змрочная, чым думкі Касія Калхаўна.
3. Пуцяводная стрэлка
Падарожнікаў больш не турбавала дарога: след ласо цягнуўся бесперапыннай змейкай і быў так выразна бачны, што нават дзіця не збілася б з дарогі.
Ён не ішоў прама, а віўся паміж зараснікамі хмызнякоў. Часам, калі шлях ляжаў па мясцовасці, дзе не было дрэў, ён адхіляўся ўбок. Рабілася гэта невыпадкова: у такіх месцах былі глыбокія яры і іншыя перашкоды – змейка следу агінала іх, паказваючы дарогу фургонам.
– Як гэта прадбачліва з боку маладога чалавека! – сказаў Пойндэкстэр. – Сапраўды, я вельмі шкадую, што мы не спыталі яго імя. Калі ён служыць у форце, мы яшчэ сустрэнемся з ім.
– Несумненна! – усклікнуў Генры. – I я буду гэтаму вельмі рады.
Луіза сядзела, адкінуўшыся на спінку сядзення, – яна чула размову паміж бацькам і братам, але нічога не сказала, толькі ў яе поглядзе можна было прачытаць, што яна ўсім сэрцам надзяляе надзею брата.
Радуючыся хуткаму заканчэнню цяжкага падарожжа, а таксама магчымасці да захаду сонца ўбачыць свае новыя ўладанні, плантатар быў у цудоўным настроі. Гэты горды арыстакрат раптам удастоіў сваёй паблажлівай увагай усіх навакольных: папросту балбатаў з наглядчыкам, спыніўся пажартаваць з дзядзечкам Сцыпіёнам, які ледзь чыкільгаў на пакрытых пухірамі нагах, падбадзёрыў цётачку Хлою, якая ехала з немаўляткам на руках.
Цудоўна! – можа ўсклікнуць пабочны назіральнік, падмануты такой незвычайнай сцэнай, якую так старанна малююць пісакі, падкупленыя самім д’яблам. – У рэшце рэшт, якія цудоўныя патрыярхальныя норавы рабаўладальнікаў! I гэта пасля ўсяго, што мы гаварылі і зрабілі дзеля знішчэння рабства! Спроба разбурыць гэту старажытную пабудову – дастойны краевугольны камень рыцарскай нацыі – толькі філантрапічны дур, залішняя ўражлівасць. Вы, фанатыкі, што змагаецеся за знішчэнне рабства! Чаму вы паўстаяце супраць яго? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны пакутаваць, павінны працаваць і галадаць, каб другія цешыліся раскошай і лянотай? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны быць рабамі, каб другія былі свабоднымі?»
Гэтыя гаварэнні, якія нясуць пакуты мільёнам, у апошні час чуюцца занадта часта. Гора чалавеку, які прамаўляе іх, і нацыі, якая іх слухае!
Добры настрой плантатара, здавалася, падзялялі ўсе яго спадарожнікі, за выключэннем Калхаўна. Ён адбіваўся на тварах нявольнікаў, якія лічылі Пойндэкстэра крыніцай свайго шчасця ці няшчасця – усёмагутным, амаль як Бог.
Явы любілі яго менш, чым Бога, але баяліся больш, хаця яго нельга было назваць дрэнным гаспадаром – у параўнанні з іншымі рабаўладальнікамі.