Мінакі. Аляксей Талстоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мінакі - Аляксей Талстоў страница 9
Васілёк вісеў вельмі часта. Знаходзіў сябе ў гэтай прасторы паміж двума сусьветамі. Ды ўвесь час даводзілася разьбірацца, што насамрэч, а што крыху больш, чым насамрэч. Калі ён штосьці забываў, то папросту адмоўчваўся, а калі пыталі, то спрабаваў як-небудзь пазьбегнуць неабходнасьці адказу.
Нельга было сказаць, што сусед Санька быў такі ўважлівы і добры карышок. Хутчэй наадварот… Сука апошняя, ён біў дзяцей бітаю, праломліваў ім галовы толькі дзеля таго, каб трапіць у вечаровыя навіны. Але ніяк не атрымлівалася. Яго заўжды нехта абыходзіў. Нехта заўжды выкідваў штонебудзь увогуле ўлётнае, што нікому і ня сьнілася. І Санька, не губляючы энтузыязму, вынаходзіў усё новыя ды новыя сродкі катаваньняў – трэба ж неяк зьдзівіць абывацеля… Толькі ўсё ж такі добры, да пэўнай ступені, канечне… Гуйня ўсё гэта! А Васілёк заўжды быў неяк у сабе, ды не цікавіўся ані футболам, ані дыскатэкамі, ані гарэлкай у суседнім дворыку. Усё кніжкі ды кніжкі… Але, можа, толькі дзякуючы Саньку яго на раёне не чмурылі. А зараз тым больш нікому да яго справы не было. Калі казаць, што час пакідае толькі неабходнае, то можна яшчэ і паспрачацца наконт таго, ці пакідае штосьці ўвогуле. Руйнуе ўсе гэтыя барыкады, вымятае сьмецьце ды ўсё астатняе.
– На, малы, хлебані! – брудная рука працягнула.
Васілёк узяў ды хлебануў. Смак, знаёмы зь дзяцінства. Яны зноўку пераклалі палыну. Калі гэтыя падлы кладуць зашмат палыну, то лепш піць што-небудзь іншае. Толькі хіба вядома гэта адразу? А Пятро Ільіч, падавалася, увогуле гэтага не заўважаў. Ды й ня дзіўна, столькі год у сядле. Сьмярдзела ад яго, канечне, так… ну, кварталы за два напэўна, але вецер дзьмуў з Васілёвага боку. Ён перахопліваў пах бруднага тулава і зносіў прэч у восеньскія вуліцы. Хлопца гэта не засмучала. Ды і што яго магло засмуціць, усё нармалёва, што тут такога. Канечне, гэтаму сьвету наканавана памерці зусім не праз якую-небудзь тэхнагенную катастрофу, ці там ядзерную вайну і ўсялякую падобную шлаяноціну. Апошні чалавек памрэ ад недагледжанасьці ды адсутнасьці ўвагі. Ды няма розьніцы дзе – у рэспэктабельных апартамэнтах, бліжэйшых кустах, ці пад балконам панэльнай дзевяціпавярхоўкі. Куды больш важкім будзе тое, што сьмерць надыдзе ад вострага алкагольнага атручаньня ці ад перадазіроўкі, што натуральна ня проста так, а вынік зацягнутай дэпрэсіі. Менавіта той, што была выкліканая пагардаю ды безуважнасьцю. Але калі будзе паміраць апошні чалавек, ня будзе каму паспачуваць, хіба толькі тым цьмяным, няпэўным зданям, што праступаюць у падсьвядомасьці, ды калі іх не спыніць, з лёгкасьцю могуць выклікаць шызафрэнію. Вось тады ўжо дакладна нікому да гэтага справаў ня будзе.
– Ну дык гэтага, значыцца. Ляжу ў акопе… ды толькі вось так галаву павярнуў, каб паглядзець, што там у небе. А там, ведаеш, там варожыя самалёты лятуць ды кідаюць на нас бомбы. Ды крычаць усе так, што тыя дзікія зьвяры ў лесе. Ды выбухі з усіх бакоў. Во так во…