На заснежаны востраў. Анка Упала
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу На заснежаны востраў - Анка Упала страница 5
12
Бывае такое дзіва, што некаторыя людзі падобныя як блізняты не толькі з твару, але і па характары, хоць і жывуць у розных краінах.
Для рэктаркі школы Лінэі я незнаёмы чалавек. А яна для мяне, у іншай бурбалцы жыцця, добра знаёмая. Яе светлую грыўку, што падае на вочы, я даўно ведаю, як і тое, што Лінэя – добрая і валявая натура.
З Лінэяй мне трэба абгаварыць атрыманне маёй стыпендыі. Пакуль я думала, калі гэта лепш зрабіць, яна сама падышла да мяне ў абедзеннай залі і запрасіла зайсці да яе пасля фíкі – піцця кавы ці гарбаты з прысмакамі. Нашая школьная фіка а дзясятай раніцы, да яе падаюць сухія хлябцы.
– Вы разумееце мяне? Разумееце тое, што я кажу? – вымаўляючы словы марудна і выразна, удакладняе Лінэя па-шведску, крыху нахіліўшыся над столікам, за якім мы сядзім з аднагрупніцамі.
Я разумею, хоць і бянтэжуся. Збянтэжанасць – мой звычайны стан тут. Шведская мова ставіць мяне ў нязвыклую сітуацыю: каб данесці да мяне інфармацыю, людзі мусяць рабіць намаганні, быццам я кепска чую ці цямлю. Раней я заўжды гаварыла ў Швецыі па-англійску, і таму мне не даводзілася выглядаць тормазам, гэта цалкам новы для мяне досвед.
Кабінет Лінэі з боку калідора мае шкляную сцяну. Усе могуць бачыць, калі кіраўніца школы на працы.
Для нарад з калегамі ў кабінеце рэктаркі ёсць круглы столік з крэсламі, але дарагога начальніцкага крэсла, седзячы ў якім было б зручна дамінаваць над падначаленымі, няма. Лінэя працуе, стоячы за канторкай.
Размова пра стыпендыю занадта важная, каб тупіць, таму я прашу Лінэю перайсці са мной на англійскую і на час размовы ператвараюся ў разумную.
13
Раніцай суседка па калідоры паставіла свой сняданак разагравацца ў мікрахвалёўку і пайшла. Пакуль я налівала сабе кефір, за маёй спінай пачуўся грукат. Гляджу – мікрахвалёўка, што мацавалася да сцяны, абвалілася і павісла толькі на адным куце над шафай для сартыроўкі смецця.
Вяртаюся ў пакой.
– Мацільда, уяўляеш, мікрахвалёўка абвалілася.
– Гэта я абваліла. Я ўчора адчыніла яе, і печка абрынулася. Гэтая кухня літаральна развальваецца!
Стары Вэстэргордэн напраўду стары. Учора адвалілася сценка маёй шуфлядкі, давялося прыладжваць яе назад. У дзвярах у нашым пакоі ручка адламаная напалову. У Новым Вэстэргордэне нібыта ўсё новае, і пакоі з уласнымі, а не агульнымі на паверх душавымі кабінкамі і прыбіральнямі. Мацільда паўсюль гасцюе, таму ведае.
Яна ходзіць у душ раніцай і, відаць, знаходзіць яго прыкручаным для сябе завысока, я забываю яго апускаць. А я наведваю душ увечары, і ён штораз прыкручаны нізенька.
Я туды хаджу ў шортах і кашулі, а Мацільда проста загортваецца ў ручнік. Ну, добра, думаю, схаджу і я гэтак. Але калі ручніком пэўнай плошчы абкруціцца Мацільда – гэта адно, а калі даўгалыгая