Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская страница 30
У майстэрні перад вачыма ўвесь час віселі работы – свае і падораныя сябрамі. Тыя колеравыя плямы і спалучэнні, пластычны малюнак ліній былі для яго наталеннем смагі. Ён глядзеў і глядзеў – днямі, тыднямі, прагна, пільна, нібы ў твар каханай жанчыны. Не глядзеў, а піў асалоду. А калі адчуваў, што ніякія энергетычныя хвалі адтуль, з карціны, да яго больш не ідуць, мяняў хатнюю экспазіцыю. Каб натхняцца нечым іншым…
Мікола нарэшце ўзняўся з канапы і сеў, аглядаючы кватэру, ад якой паспеў адвыкнуць. Майстэрня была для яго не другім, а першым домам. Там праходзіла асноўная частка жыцця, там ён часам і начаваў, каб не ездзіць туды-сюды і не марнаваць дарэмна час. Калі ў яго жыцці з’явілася Ала, дома Мікола пачаў бываць часцей. Але ўсё адно яго кватэра была мала падобная на звычайную. Хутчэй выглядала філіялам майстэрні ці маленькага музея.
Агледзеўшы сцены ўласнага жытла, Мікола заўважыў, што ў пакоі нешта змянілася. Ён не мог сказаць што. Таму крочыў па невялікай прасторы туды-сюды. Дарэчы, ужо адзінаццаць раніцы. Чаму не тэлефануе Ала? Тэлефон ён не выключаў на ноч. На яе не падобна!
Раптам у вочы яму кінуўся белы аркуш паперы, які адзінока ляжаў на пустым стале. Побач – ключы ад кватэры і майстэрні. Навошта Ала іх пакінула? Дзіўна! Ён узяў аркуш у руку. Там буйнымі літарамі, размашыстым почыркам Алы было напісана: «Мікола, ніводны нармальны чалавек побач з табой доўга не вытрымае. Калі ласка, не шукай мяне і не тэлефануй. Я да цябе не вярнуся».
Мастак прачытаў запіску адзін раз і нічога не зразумеў. Можа, ён усё гэта сасніў? Ці Ала вырашыла так няўдала пажартаваць? Прачытаў запіску другі раз. А можа, гэта не жарт?.. Бо навошта ёй пакідаць ключы? Цяпер ён зразумеў, што змянілася ў пакоі – у ім не хапала яе рэчаў. Як ён адразу не здагадаўся! На сценах не было некалькіх эцюдаў, напісаных ёю, якія раней яму вельмі падабаліся. Той светлы настрой, з якім ён учора вяртаўся з пленэру, з якім прачнуўся і які сёння радасцю трымцеў у душы, раптам знік і скурчыўся, быццам тонкі аркуш паперы ў агні.
Чаму гэтыя жанчыны ўсё псуюць? Ён нічога не разумеў! Хіба нельга па-чалавечы патлумачыць, што не падабаецца, а не разводзіць танную тэатральшчыну з запіскамі? А калі б ён раптам паперыну не заўважыў, што тады? I навошта падобныя абагульненні – «ніхто не вытрымае…» Ты пра сябе кажы! Навошта пра ўсіх?
На душы было пагана і прыкра.
Ала – яго апошняя пасія. Даўганогая красуня са светлымі, распушчанымі па плячах валасамі, яна звычайна хадзіла ў джынсах і світарку. У шэрых вачах, з ледзь прыкметнай зелянцой, ён заўсёды заўважаў штосьці русалчына. Яна і сама падобная на русалку, толькі ў сучасным варыянце. Яго былая студэнтка. Ён выкладаў жывапіс на іхнім курсе. У той час, калі ўзнікла магчымасць паўгадавой стажыроўкі за мяжой, Ала