Мы – хлопцы жывучыя. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы – хлопцы жывучыя - Іван Сяркоў страница 14
Але мае трывогі развеяў доктар. Высокі, шыракаплечы, аж халат на ім не сходзіцца. З аблічча круглатвары, малады, вочы ўвесь час усміхаюцца, толькі валасы зусім белыя. Узяўшыся за маю руку, каб памацаць пульс, ён бадзёра спытаў:
– Ну што – будзем жыць, герой? Э-э, ты чаго ж так кісла ўсміхаешся? А ну-тка весялей! – А потым абвясціў на ўсю палату: – Не хлопец, а крэмень! Сапраўдны мужчына. Ні ўколаў не баіцца, нічога!
У мяне аж зайшлося сэрца: усё – будуць пароць. Крадком я паглядваю, якую сястра бярэ іголку, вялікую ці маленькую, і раблю каменны твар. Падумаеш – укол! Чхаць я на яго хацеў.
Я не бачу, я адчуваю на сабе цікаўны позірк сваёй суседкі. Па-мойму, яна зноў усміхаецца. Дык няхай жа не думае тое дзяўчо, каноплі тыя рудыя, – не войкну. Сапраўдныя мужчыны не войкаюць.
А выпіць, не зморшчыўшыся, горкае, нібы палын, лякарства – гэта проста дробязь. Шкада толькі, што яна ў гэты момант адвярнулася і, мабыць, не бачыла, як я храбра каўтануў.
Затое яна войкнула, аж ледзь не заплакала. Паглядзіце – поўныя вочы слёз. I зморшчылася таксама. Дзяўчынкі – што з іх возьмеш? Ім бы толькі цукеркі есці.
Калі сястра сабрала свае бліскучыя скрыначкі і пайшла далей, Каця ціха спытала:
– Табе і праўда не баліць?
– Не, – схлусіў я, не плюснуўшы вокам, – як камар усё адно.
– Калі б мне так, – уздыхнула яна.
Знайшла з кім раўняцца! Мы з Санькам да ўсяго прывыклі, не пестуны якія-небудзь.
I гэтак кожны дзень. Доктар гаворыць, што я – герой, сястра кажа, што я – золатца, і коле мяне ўколамі і поіць мяне горкім, салёным, кіслым і не прыдумаеш яшчэ якім. I кожны дзень я мужна пераношу ўсе выпрабаванні.
Скончылася гэта напрадвесні. Родны, дарагі Буянчык, кашлаты і карослівы, увесь у мыле, той жа дарогай, якой вёз дзядзьку, цяпер вязе дахаты мяне.
– Гэй ты яго, варушыся! – весела пакрыквае цётка Марына, распырскваючы вялізнымі гумавымі бахіламі брудныя вясновыя лужыны. I так мне хочацца хутчэй дамоў, хутчэй убачыць бабку, Глыжку, Саньку, што, здаецца, саскочыў бы з санак і пабег трушком.
А санкі марудна то плывуць па мокрай снегавой кашы, то дзяруць палазамі голы брук. I стараецца стрыгунок, ды воз цяжкі. Чаго-чаго толькі не апранула цётка на мяне, чаго-чаго толькі не наваліла яшчэ зверху, каб, барані бог, не прастудзіўся: і світку, і армяк, і посцілку, пад шапку завязала тонкую хустку, а па шапцы – тоўстую, бабульчыну.
– Гэй! – прыгаворвае цётка. – Адчыняйце вароты, едзе пан крывароты!
Я гляджу навокал і быццам першы раз бачу свет. Нейкі ён новы, радасны і сонечны. Вунь вераб’і купаюцца ў лужынцы, паўскудлачвалі пер’е, смешна трапечуць крыльцамі, зладзейкавата азіраюцца. Вось біцца пачалі. Дзівакі, і годзе – не хапае ім вады.
На карнізе