Мы – хлопцы жывучыя. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы – хлопцы жывучыя - Іван Сяркоў страница 16
– А дзе ж гэта той Буг? – пацікавілася цётка Марына.
– Там! – упэўнена паказаў Санька ў бок Міронавага саду, хоць мне здаецца, што Буг зусім у другім баку – за Малахавым дваром.
А яшчэ ў нашы Падлюбічы прыехалі з Масквы дзве дакторкі ад сыпняку нас лячыць. У Санькавай хаце спыніліся. Яны яго матцы, цётцы Марфешцы, жыць не даюць: чысціні дабіваюцца. А самі цыпы нейкія. Спадніцы вузкія, абцасы высокія. Смех глядзець, як яны бровы сабе нейкімі абцужкамі выскубваюць. Моршчацца, а скубуць. Гэта, па-іхняму, прыгожа.
Міхейчыкаў Назар назусім з вайны прыйшоў. Кантужаны. Пачне цыгарку круціць, рукі трасуцца, і ўвесь тытунь рассыпаецца. Стары Міхейка сам яму цыгаркі робіць.
Нінку, што да вайны ў калгасных яслях была нянькай, цяпер паставілі брыгадзірам. Ці, можа, яшчэ і не паставілі, бо Санька чуў, як яна крычала каля сельсавета на ўсю вуліцу:
– Прападзі яно пропадам, ваша брыгадзірства! А сеяць чым? Што я – сама ў зямлю лягу?
Кожны дзень прыбягае да мяне Санька. А праз тыдзень я ўжо і сам пачаў выходзіць на двор пагрэцца на сонейку. Я сяджу на прызбе, а пасярод двара, сумна апусціўшы галаву, стаіць Буянчык, яшчэ больш кашлаты, яшчэ больш зануджаны, як тады, калі мы яго прывялі. Там-сям ён вымазаны нейкім дзёгцем. Гэта дзед Мікалай лечыць яго ад каросты.
Калі бабка перастала баяцца, што мяне паваліць вецер, я пачаў хадзіць і на вуліцу. А аднойчы мы з Санькам пайшлі нават да калодзежа набраць вады. Вось тут мне зноў і сустрэлася Каця. Яна раней за нас падышла да зруба і хацела першай апусціць вядро. Не, пагуляй трошкі, не на тых хлопцаў ты, Каця, натрапіла! Санька рашуча адсунуў яе вядро ўбок:
– Не лезь!
Яна акінула нас абодвух пагардлівым позіркам і са здзекам у голасе спытала:
– А гэта ваш калодзеж?
– Наш! – адрэзаў Санька так сурова, што пярэчыць было б і не варта. Але ж вы не ведаеце тых рыжых канопляў. Другая б адступілася, а яна:
– Ой, задавакі няшчасныя!
Тут і ў мяне аж закіпела ўсё ўсярэдзіне. Хацеў я па старой памяці тузануць за касу, каб другі раз была ласкавейшая, а ў руках засталася толькі белая хустачка.
Спачатку мы аслупянелі ад здзіўлення. Глядзім і не пазнаем Каці – няма касы. Астрыжана пад нулёўку. Дык вось чаму ў шпіталі яна не здымала сваёй хусцінкі! Санька так і паехаў з рогату, проста за жывот хапаецца. Я захліпаюся – суняцца не магу. Здаецца, нічога на свеце няма смяшнейшага за стрыжаную Кацю. А яна залілася чырванню, нават канапелек не відаць. Глядзім – сваімі доўгімі вейкамі плюсь-плюсь-плюсь, і слёзы як боб. Кінула вядро і бягом дадому. А мы ёй наўздагон:
– Стрыжаная! Стрыжаная! Стрыжаная! Вось так. Будзе ведаць, як нас не паважаць.
Праз паўгадзіны пра наш «геройскі» ўчынак ад Кацінай маці даведалася мая бабуля. Яна паставіла нас з Санькам перад сабою і прачытала мараль. А мараль у бабкі адна: мы выраслі пад неба, а дурні – болей не трэба. Знайшлі з чаго