Мы – хлопцы жывучыя. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мы – хлопцы жывучыя - Іван Сяркоў страница 5
– Э-э, ды што тут доўга чакаць! Назарэнка, у цябе там знойдзецца чырвоны шматок?
Той, каго назвалі Назарэнкам, даволі ўжо немалады і, відаць, руплівы дзядзька пачаў корпацца ў сваім рэчавым мяшку, перакладваючы з месца на месца мыла, дратву, новую пару ануч… Знайшоўся там і шматок чырвонай матэрыі. Назарэнка сам адрэзаў ад яго колькі трэба і на нашых вачах зрабіў нашыўку – цот у цот, як у сяржанта.
Санька засаромеўся, расчыванеўся і пачаў аднеквацца, маўляў, ён нічога не хоча, але, калі салдат паклікаў яго да сябе, усё ж такі падышоў.
– Ну во… Бачыш, як добра? – спытаў сяржант, калі Назарэнка перакусіў нітку і павярнуў Саньку тварам да хаты.
I нават бабка сказала:
– Дарагая рэч. Цяпер ёй цаны няма, – і цяжка ўздыхнула.
Бабка глядзела не на нашыўку, а на іголку, якую салдат збіраўся ўторкнуць у сваю шапку. I ўторкнуў бы, і схаваў бы, калі б бабка не ўздыхнула яшчэ раз. Не ўздыхнула, а ледзь не прастагнала. I іголка з зеленаватай салдацкай ніткай апынулася ў бабульчыных руках.
– На, гаспадынька, карыстайся, – велікадушна махнуў рукой Назарэнка, і бабка аж пасвятлела.
Цяпер усім добра: у Санькі – нашыўка, у бабкі – іголка. Адно мне крыўдна: сяджу – і нікому да мяне справы няма. Санькава доблесць усім зацьміла вочы.
I толькі калі Назарэнка сеў на сваё месца каля грубкі, сяржант звярнуў увагу і на мяне.
– А цябе як завуць? – пацікавіўся ён.
– Іван.
– Малайчына, – пахваліў сяржант, быццам гэта я сам сябе хрысціў.– Правільнае імя. Іван – гэта Іван. Сіла.
I хоць такая пахвала – не чырвоная нашыўка, у мяне крыху лягчэй стала на душы. Асабліва калі пайшлі розныя гісторыі. А з тых гісторый, якія салдаты расказваюць, перабіваючы адзін другога, выходзіць так, што куды ні кінь – Іван і больш цягавіты, і больш працавіты, і больш жывучы, і хітрэйшы, і разумнейшы за фрыца. Яго толькі раззлаваць цяжка, бо душа ў яго добрая, але калі ўжо раззлуецца, то дасць дык дасць. Не панясеш.
Салдата, які зрабіў Саньку нашыўку за раненне, завуць Васілём. Другога, нізенькага, падобнага на татарына, – Юсупам. Але абодва яны гавораць пра сябе, як пра Іванаў. А мне і прымазвацца не трэба: я сапраўды Іван! Гэта ж і я такі – і хітрэйшы, і разумнейшы, і больш жывучы… Ды і Санька жывучы. Бабка казала, як той кот.
Наша бабка – салдат i доктар
Дзе і хто цяпер жыве, не разбярэш. Пойдзеш да дзядзькі Скока пазычыць жару, каб падпаліць у печы, а там у яго і Пяюны, і Нятылькі, і Кажухі – паўвуліцы. Адны снедаюць, а другія чакаюць, калі стол вызваліцца.
У нас жыве суседка – старая Міроніха, другая суседка – цётка Пёкла з дзецьмі, ці, як яна кажа, з плоймай. I старасельская адна сям’я папрасілася. Хоць і не свае, а бабка не магла адмовіць. Калі б хоць не супраць зімы…
I так яно гуртам добра выходзіць, што бабка аж сама дзіву даецца. Пачнеш, напрыклад, з бульбы-гнілушкі каржы рашчыняць, а закваскі няма.
– Хоўра,