Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 25
Але ж для выхавання cапраўднай пачцівасці, на думку карнікаў, учыненага імі пярэпалаху было мала, і праз колькі дзён яны вярнуліся.
Акурат мружылася нядзельная раніца. І гэту раніцу, і ўвесь дзень азмрочыла зграя жандараў. Яны зганялі мужыкоў мястэчка і шэрагу вёсак гміны да хат удзельнікаў камуністычнага бунту, іхніх бацькоў і прымушалі дарослых грамадзян, паважных, сумленных, чыніць грэх – здзіраць саламяныя стрэхі з будынкаў.
У вачах селяніна, рамесніка гэта было дзікунствам. Яно абарочвалася сапраўднымі драмамі для гаспадароў, у чыіх сем’ях былі камунякі. Асаблівыя страты панесла сям’я местачкоўца Плюнгера, у якога старэйшы сын Данік, яшчэ будучы падлеткам, сышоўся з пракамуністычнаю моладдзю. Забароненае вабіць, рызыка, само сабой, адточвае характар, і гэта перш-наперш цягнула туды. Толькі ж пра цану сваёй палітычнай гульні Данік даведаўся, калі жандары сабралі каля бацькоўскае хаты народ і на Данікавых вачах раскідалі саламяную страху. Маці галасіла, суседкі памагалі ёй, а бацька, якому не ўдалося ўгаварыць палякаў не чыніць сям’і шкоды, разгублена мітусіўся ў двары, твар яго то наліваўся крывёю, то бялеў. Нечакана ён схапіў Даніка за каршэнь і добра перацяў пугаўём. Данік завойкаў і пусціўся ўцякаць, а гаспадар Плюнгер услед яму роспачна крычаў:
– Камуністычны смаркач! Доўбень!.. Я ж табе, я ж… Цьфу на цябе!
Адно жандарская навука з першага разу не прышчапілася Даніку як след, пра што можна меркаваць хоць бы з таго, што праз паўгода іншыя грозныя жандары з’явіліся каля сядзібы Плюнгераў.
І зноў страха была зруйнавана. Толькі на гэты раз выхаваўчая акцыя не абмежавалася сялянскаю страхою, паліцыянты вышуквалі прыхаванае ў свірне ды каморы збожжа, рассыпалі яго па зямлі, распорвалі і выкідвалі з пакояў падушкі, а таксама палатно, распускалі і шпурлялі пад ногі снапы неабмалочанага жыта, пшаніцы, аўса, прымушалі людзeй усё гэта мяшаць у кучу і таптаць, таптаць разам з зямлёю. У зацятай панскай крыві, пэўна, кіпела столькі разбуральнай энергіі, што яна прыводзіла іх у стан раз’юшанасці і шаленства. Ашалелым ад крыўды і здзеку выдаваў і гаспадар Плюнгер.
Зразумела, пасля такога пагрому замест пачцівасці і спагады да сябе палякі выклікалі яшчэ большы дакор, абурэнне, агіду і нянавісць.
Гаспадар Плюнгер зламаўся.
Каб засцерагчы сядзібу ад вынішчальнага жандарскага ўрагану ў далейшым, ён мусіў напісаць у паліцыю заяву, што выракаецца свайго старэйшага сына Багдана, і прагнаў Даніка з хаты.
Нешта тыдні са два, а можа, і болей Данік-вісус перажываў сваю ганьбу, туляўся па сядзібах сяброў, начаваў па адрынах і праклінаў увесь свет, а найперш польскіх паноў. У яго душы цяпер перабольшвала пачуццё помсты – палякам, і не толькі ім, а багата каму, нават бацькам! Праўда, па меры таго як гаспадар Плюнгер адраджаў сядзібу, нядобрае