Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 30
Пятро Пісарчук адправіў унучку з Аксінняй спаць і цяпер быў вольны. У ціхім роздуме, мнучы ў пальцах вус, амаль нягучна спытаў:
– А як жа ты, браце, вярнуўся дадому?
– У Златавусце разам з намі быў яшчэ адзін беларус – Віктар Корань. Яго вёска акурат пры мяжы, што праходзіць ля Стоўбцаў. Дамовіліся мы з ім уцячы. Звалі з сабой і Філіновіча-Балагана, але ў Івана не было грошай на білет да Менска, і ён застаўся. Мы, дарэчы, атрымлівалі за працу ў лагеры па шэсцьдзесят рублёў у месяц, а білет на цягнік каштуе сто трыццаць, і яму не ставала. Адно Іван папярэдзіў: трымаць нашу змову ў сакрэце ад Пінчука, бо той стукач – данясе. Ён даносіў начальству на ўсіх, хто таіў штосьці ў душы.
Так і зрабілі. Селі ў цягнік. На нас – рабочыя камбінезоны, і гэта непакоіла. Але ж потым, як мы агледзеліся, дык амаль увесь люд, што ехаў разам, быў апрануты абы-як, абы ў што. На некаторых такое рыззё, што глядзець страшна. Расея… Спазналіся людзі з жабрацтвам. У Менску мы нырнулі ў натоўп, каб згубіцца, і выскачылі ў глухую вулку, а там сустрэлі старога яўрэя і папрасілі ў яго лахманы, каб пераапрануцца. Беларусь! Зноў Беларусь, але мы вольныя!..
– Ну і што было на Беларусі? – думаючы цяпер пра нешта сваё, пацікавіўся гаспадар.
– А нічога больш страшнага не было, калі не лічыць прыгод з братам Віктара Кораня.
І Ладзя Палто расказаў новую гісторыю.
У Кораня ў Менску жыў і настаўнічаў брат Нупрэй. Віктар знайшоў свайго брата, але той пры сустрэчы спалохаўся так, што аж спалатнеў, аж затросся. Справа ў тым, што ў гэтых двух братоў недзе дома, у памежжы, яшчэ былі браты. І двое з тых памежных склалі ды нейкім чынам перадалі Нупрэю ў Менск ліст, у якім выказвалі гонар за яго, сталічнага настаўніка роднай мовы, і пісалі, што неўзабаве таксама пакінуць родны кут і прыб’юцца да Менска; яны спадзяваліся на Нупрэеву дапамогу ў сталіцы пры ўладкаванні на працу.
Прачытаўшы той ліст, настаўнік Нупрэй зразумеў усю небяспеку: як толькі прыйдуць браты, яму не мінаваць ГПУ і ён загрыміць на Салаўкі або ў Сібір разам з братамі, такімі вумнякамі. Іх палічаць за польскіх агентаў. Абавязкова! І гэта было для яго настолькі відавочным, што душу ахапіў жах. Многія з ягоных знаёмых зазналі арышт і ссылку па нейкіх падазрэннях, надуманых злосных даносах і наогул невядома, як і па чым.
Сустрэча з Віктарам, які ўцёк з лагера, была яшчэ больш небяспечнай, і таму, крыху авалодаўшы духам, ён прастагнаў:
– Братове! Я хачу жыць, а вы ляціце сюды, як матылькі на агонь! Ды святло ж зманлівае! Пасля вашых візітаў мяне ўмомант абкруцяць, аблытаюць павуцінай ілжы, і ўсе мы патрапім туды, куды Макар цялят не ганяў. Не-не, я не магу больш, я не магу жыць у страху і вучыць дзяцей веры, якой сам больш не маю. Сапраўдны свяцільнік павінен несці людзям святло, а не ўцягваць нявінныя душы ў полымя!