Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 31

Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка

Скачать книгу

Уяўляеце, сейм проста ўзарвала, і калі Скірмунт выходзіў на вуліцу, у яго з другога паверха кідалі крэслы. Ледзь уратаваўся!

      – Ух ты! – здзівіўся Павел.

      – Дзівак… – прамовіў няпэўна бацька.

      – А я казаў і кажу: такіх людзей, як Скірмунты, на свеце вобмаль!

      – То адкуль жа ім быць?

      – Быў яшчэ Тарашкевіч. Саветы выцягнулі яго з польскай турмы.

      – З агню – ды ў полымя! – уставіў Паўлюк.

      І, як бы ў падмацаванне Паўлюковай думкі, Палто паведаміў:

      – У Менску шмат вучоных арыштавалі, асабліва якія дбалі пра беларускую культуру і адукацыю. Вой, а што пра Янку Купалу Нупрэй казаў!.. Ведаеце, яму таксама пагражаў арышт, турэмнае зняволенне, і ў знак пратэсту Купала палічыў за лепшае развітацца з жыццём. Ён паласнуў лязом сабе па венах, па жываце, уздоўж і ўпоперак. Ледзь выратавалі! З другім пісьменнікам было не лепей. Яго пры допытах садзілі на кол.

      – А божачкі! – жахнулася Аксіння, дый астатнія разам з ёю.

      Толькі падобны паварот гутаркі ў дачыненні да Тарашкевіча падаўся Барысу надта змрочным і нават абразлівым, і ён падняўся з-за стала:

      – Тарашкевіч – бунтар! Без яго тут магіла была б. А ў асобе Рамана Скірмунта ці не страцілі беларусы самага шчырага нацыянальнага волата? – сказаў, як звязаў напаследак.

      Самавіты селянін Пісарчук быў усцешаны гутаркай за шырокім сямейным сталом. Праўда, зноў пачало смыліць на душы ад крыўды і горычы за рэпрэсаваных людзей на тым баку, вучоных, паэтаў, за Янку Купалу. Купалу ён ведаў па вершах, якія чытаў у «Нашай ніве» за маладымі гадамі. Падшыўка газеты «Наша ніва» і цяпер захоўвалася на шафе ў ягоным пакоі. Адтуль у свой час ён багата чаго дазнаўся пра народ, да якога і сам належаў, пра народ, які меў сваю культуру і мову, пра народ, які цяпер мардавалі з аднаго боку палякі, а з другога – расейцы і бальшавікі. Трывога не пакідала яго, і напрыканцы гутаркі гаспадар пацікавіўся ў бедака Уладзіміра Палто пра намеры: чым ён мае заняцца?

      Ладзя паціснуў плячыма і зноў пачырванеў, нібыта яго злавілі на нечым прыкрым. Папраўдзе, ён губляўся ў здагадках, што рабіць, бо, як і да ўцёкаў у Саветы, у яго не было працы. І, калі ён вярнуўся ў Моталь, братава жонка, а жылі яны ў бацькавай хаце, адрэагавала на ягонае з’яўленне словамі, якія калолі яму ў самае сэрца:

      – Бач, нідзе не ўдавіўся і зноў прыехаў на Андрэеў хлеб!

      Дык што ж ён мае рабіць, куды кінуцца?..

      Пісарчук усведамляў, у якую пастку нанова трапіў хлопец, але хацеў пачуць яго разважанні далей.

      – Наогул, ні працы, ні веры мне ў Моталі няма. Камуністы думаюць, што я засланы адтуль, з Менску, і не ведаюць, як да мяне ставіцца. Амаль усе лічаць: там, за мяжой, на ўсходзе – рай, і калі я кажу, як у камуніі дрэнна, не вераць, бачыце, гэта я кажу дзеля таго, каб мяне паліцыя не арыштавала. А каб ведалі, што я не засланы і што вярнуўся адтуль самахоць, што я кажу праўду, пэўна, забілі б. Я нікому тут не патрэбны.

Скачать книгу