Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 47
Ён зноў загаварыў пра зямлю:
– Столькі зямлі і такая ў ёй жывародная сіла – ткні калом – вырасце дрэва, ступі раз – тут табе ягада, другі раз – тут табе грыб!..
Пазней Маня сказала б, што яе дзед – тыповы прадстаўнік гэтай зямлі, і, мусіць, ён быў блаславёны ўсюдыісным як не касмічным полем на тыя клопаты, якімі займаўся, на тое жыццё, якім жыў.
– Пры нашай зямлі, Манька, спакой і спакой патрэбны, а яшчэ – лад адпаведны, тады ўсім усяго хопіць. Жыццё магло б быць… А пакуль: ні ладу ні складу! Э-ге-ге… Адна варажнеча!
Неўзабаве выехалі з Моталя. Пры гаі, што стаяў яшчэ ў зялёным уборы, дзе там-сям жаўцелі асобныя бярэзіны, паказаўся пчаліны гарадок – усё квадратныя, або, як іх звалі, рамачныя, вуллі, пафарбаваныя пераважна ў сіні колер, а то і нефарбаваныя. Яны патаналі ў ранішняй смузе, аксамітнай і волкай.
Для Мані за гэтай смугой ляжала як не казачнае царства мядовых пахаў, ціхага верасовага гулу, гудзення.
На пчальніку, каля адчыненага вулея, глыбокі пругкі водар прасякаў як не ўсю істоту дзяўчынкі. У ім, няйначай, было сабрана ў адзіны пук ці згустак усё-ўсё, што цвіло і цвіце ў наваколлі, на палетках і лясных галявінах, у садах і прысадах. А да сабранай тут духмянасці дамешваўся і моцны пах воску – рэчыва, якое нідзе больш, як у вуллях, не сустракалася. Воск рабілі пчолы, уласна, з гэтага іх рупная праца і пачыналася. З воску – соты, як вынік калектыўнага дойлідства.
– Трымай, – казаў дзед, перадаючы ёй дымар, якім толькі што дзьмухаў на рамку з мёдам.
Маня ўмомант перахапіла з рук дзеда дымар – забаўную фацэтную рэч, якая, калі націскаць на яе зборку, пыхкала дымам.
Пчолы не любілі дымовай пачосткі. Ад густога гаркаватага дыму яны п’янелі і пачыналі адпаўзаць, адлятаць, пакідаючы соты ў руках пчаляра.
Маня ўважліва сачыла за кожным рухам дзеда і за паводзінамі крылатых стварэнняў. Назіраць за імі не замінала ёй нават сітцо з танюткага дроту, якім асланяўся твар.
Пчолы запячатвалі ў сотах мёд тым жа жаўтавата-матавым воскам, і Маня радавалася, калі на рамцы не было пустых ячэек. Замураваную вагавітую рамку дзед ставіў у скрынку, спецыяльна змайстраваную дзеля гэтага. Найчасцей, аднак, ён прывозіў на пчальнік медагонку – сярэдніх памераў бочку з матавілам, у якое ўстаўляліся рамкі. Пры кружэнні з сотаў цягай гнала мёд – выганяла чыста, да кроплі.
Маня любіла каштаваць мёд у сотах, па-мясцоваму – яшках, таму і здаваліся ёй найвялікшай каштоўнасцю рамкі з яшкавым мёдам.
Рамкі былі цудам, ёю яшчэ не спасцігнутым.
Перш чым дастаць з вулея адну або некалькі рамак, дзед правяраў іх усе, падлічваў запас мёду, каб не ўзяць лішку, каб пакінуць