Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 52
На гэтым Мэндаль, скончыў сваё тлумачэнне і годна, з павагай паглядзеў на гаспадара.
Ярка гарэла падвешаная да столі лямпа-васьмілінейка. Маня сядзела на відным недалёка ад дзеда; тут яна пачувала сябе адначасова і дарослаю, і малою дзяўчынкай, мо не вартай увагі. Акурат у тым была яе перавага: спакойна поркаючы іголкай у белым палатне, вышывала манішку ды слухала.
– Вернемся з Егіпта сюды, – мовіў дзед. – Непакоіць зрэбная і блытаная аснова таго, што тчэцца між людзьмі. Уявіце: усім пагражае вайна, і літоўцы ў страху гатовы абмяняць сваю зямлю на ціхі востраў у акіяне. Іншая рэч – наколькі гэта сур’ёзна?.. Беларусы, якія спакон вякоў жывуць на бітых ваенных дарогах і ведаюць цану ліхалецця, якія зведалі ўжо і горыч разарванай на кавалкі краіны, таксама моляць Бога аб лепшым лёсе. Адно Мадагаскар у Індыйскім акіяне нікому з іх і не сніцца. Свет вялікі, а душу няма куды падзець. Астаецца жыць, дзе нарадзіўся, ды дзякаваць Богу за куток, які ўжо ёсць.
– Гэта значыць, упакорыцца лёсу?
– Так, пане Мэндаль… А хіба вашы ўцёкі з Хелма сюды – не пакора лёсу? Вы ж пакінулі дом, млын, краму, ды толькі – не страх, не трывогу, якая і дагэтуль азмрочвае ваша жыццё.
– Бачыць Бог! – пахітаў галавою Мэндаль.
– Свет напладзіў шмат заваёўнікаў,– зазначыў дзед Пятро. – Я маю ласку ад паноў Скірмунтаў чытаць сёе-тое з іхняй бібліятэкі. Беларусы, напрыклад, маглі б налічыць дзесяткі, а мо і сотні Іванаў Жахлівых, Напалеонаў і розных напалеончыкаў, ліха на іх, якія ішлі з захаду і ўсходу, з поўдня і поўначы, рабавалі, гвалцілі, спрабавалі прыгарнуць сабе ліцвінскія, то-бок нашыя, землі. Усе яны дзейнічалі аднолькава, і ў Гітлера замашкі – будзьце пэўны! Але ж сваім сялянскім розумам я не дапну, чуеце, да адной дзіўнай рэчы.
Пятро Пісарчук пакратаў відэльцам на талерцы кавалачак каўбасы, бытта вагаючыся, гаварыць далей ці не, і сказаў:
– Прабачце, ну што гэта ў Гітлера за прыхамаць такая, каб, ваюючы з іншымі народамі з-за зямель, асобна зводзіць яшчэ і нацыю, якая не мае ні сваёй зямлі, ні краіны?..
Па тым, як госці пераглянуліся між сабой і лупавата ўставіліся на гаспадара, Маня зразумела, што гаворка акурат пра іх і што яе дзед