Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пакутны век. Трылогія - Васіль Якавенка страница 55
– Я пчаляр, ведаеце, і пастаянна назіраю за пчалінымі сем’ямі. Сям’я пчол – гэта як крылатае грамадства, ды не абы-якое, а, канешне, тое, што ўсвядоміла сябе супольнасцю, нацыяй. Цяпер уявіце сабе, што ў вулей убіваюцца восы ці пчолы нейкай іншай пароды. Як адрэагуе на іх з’яўленне рой?
– Дасць ім дыхту!..
– Так, чужакоў заб’юць і выкінуць. Законы прыроды жорсткія: не лезь не ў сваё радство! Гэта я да прыкладу… Цяпер давайце разгледзім іншую сітуацыю. У рою, скажам, не хопіць сілы, каб перамагчы чужынцаў, а тыя крадуць мёд і ўсталёўваюць у вуллі свае парадкі. Што будзе з нашым роем?.. Ён загіне.
– Не крыўдуйце, панове, – казаў пчаляр Пятро Рамановіч, – але яўрэі – дальбог – тыя пчолы, якія любяць залятаць у чужыя вуллі. І там атайбоўвацца… І калі ўжо яны ўладкаваліся, будуць зноў два варыянты…
Маня з захапленнем глядзела ў самы рот дзеду, дзіва што – так хораша, проста і зразумела ён гаворыць пра пчол і яўрэяў – пра самыя розныя і далікатныя рэчы. І тыя, пра каго ён баяў, слухалі яго, стаіўшы дыханне.
– Першы варыянт. Залётныя пчолы стараюцца не выдзяляцца ад тых, што гаспадараць у вуллі і спакваля ўключаюцца ў агульны рытм і лад жыцця сям’і. Рой у такім разе нічога не страчвае, а, наадварот, мацнейшым становіцца.
Другі ўмоўны варыянт. Дзякуючы страчанай пільнасці рою або па збегу нейкіх іншых абставін залётныя пчолы пралезлі, атайбаваліся ў вуллі, але не схільныя асімілявацца і жыць агульным жыццём, як што лічаць сябе нейкай асобнай пародай. Яны спрабуюць перахапіць шляхі зносін, дапасці да сотаў, адцяць іх і прымусіць рой служыць сабе.
Вынік таксама прадказаць няцяжка. Пчаліная сям’я, калі не вытурыць іх, страчвае свой ранейшы супольны патэнцыял, гіне. Я не ведаю выпадкаў, каб у вуллі зажылі нейкія варагуючыя з роем насякомыя, – Пісарчук углядаўся ў твары гасцей, шукаючы гожае слова, – напрыклад, восы… чмялі… ці што іншае. Канешне, паважаючы кожнага з вас, я прывёў гэты прыклад.
– Дзякуй мондраму суседу! – Шчэць на хударлявым твары Абко рассунулася, уступаючы месца светлай усмешцы; тут нешта наогул весяліла яго.
Паслужлівая Пятрова ўнучка Маня, абудзіўшыся ад утрапення, прыбрала са стала колькі пустых місак, талерак і панесла на кухню.
Купец Мэндаль спытаў:
– Пане гаспадар, вы, пэўна, маеце нейкія ўласныя назіранні за паводзінамі нашай мосці ў Моталі?
– Назіранні?.. Не, не столькі яны… Уражанні мо з часоў Гедыміна складваліся ў мясцовага люду, і Саковіч, даследчыца з Моладава, дарэчы, пісала пра іх… Я не суддзя, дый палітык – не дай рады які. Адно мяркую: Усявышнім уведзены законы, якія што ў пчаліным, што ў чалавечым грамадстве павінны праяўляцца аднолькава. Таму, калі яўрэі ў Моталі чыняць з сябе эліту, адасабляюцца і выбіраюць собскага старасту, лічачы нашага за казла, прабачце, то гэта не можа не адбіцца на ўзаемаадносінах. Возьмем сіянізм. Сіяністаў нямала на нашай глебе выгадавалі. А сіянізм