Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Вяртанне Ліліт - Юлія Шарова страница 9
Яна сніла дзяўчыну нечуванай прыгажосці, што варажыла ёй на картах і казала незразумелыя рэчы, ад якіх рабілася страшна. Казала пра бабулю, пра мужа, пра яе саму. Вераніка ажно закрычала ў сне і падхапілася.
Юрась усё яшчэ сядзеў пры ноўтбуку, і жончыны крыкі яго напалохалі. Ён павярнуўся да яе з нямым пытаннем на твары, але не ўстаў і не пайшоў супакойваць.
Маладая жонка зноў легла, хутаючыся ў коўдру, хоць у пакоі было горача. Чамусьці менавіта цяпер яна адчула нейкае непапраўнае ліха і пашкадавала, што не едзе ў Бялынічы.
12
Стужка навінаў niadola.by
Расійскі дальнабойнік не падазраваў, якім бокам яму вылезе сэксуальная прыгода на трасе М1.
Небараку знайшлі раніцай 23 ліпеня непадалёк ад Кобрына. Яго пабачылі калегі, якія ехалі ў бок беларуска-польскай мяжы. 35-гадовы расіянін ляжаў проста на ўзбочыне дарогі побач са сваёй машынай. Ён быў у непрытомным стане, што з ім адбылося, не памятаў.
Пасля праверкі салона аўтамабіля кіроўца не знайшоў там сваіх грошай і дакументаў. Гэта і прымусіла яго звярнуцца да беларускіх праваахоўнікаў. У размове са следчым памяць спакваля вярнулася да расіяніна, і ён прыгадаў, што пазнаёміўся на трасе з дзяўчынай, якая прапанавала яму інтымныя паслугі коштам 20 даляраў за паўгадзіны.
У выніку гэтай прыгоды расіянін страціў у 100 разоў болей грошай, ды яшчэ і застаўся без дакументаў.
Міліцыя вядзе пошук спакуснай рабаўніцы.
13
Радыкс: Сонца ў Шалях, Венера ў Скарпіёне ў злучэнні з Плутонам
Авантура на мяжы магчымасцяў, дзеля якой трэба набрацца моцы. Вялікай моцы.
Мужчыны, ад якіх сілкуецца носьбітка, пасля маюць праблемы з галавой – ад мігрэні да поўнага псіхічнага разладжвання. Гэта не лекуецца. Таму аб’ектаў на сілкаванне трэба абіраць такіх, каб без жалю ўшкодзіць іхныя мазгі. Дальнабояў, якім фантазіі стане адно на зліў паліва. Або журналістаў «Нашай Нядолі».
Мілана апошнім часам амаль штоночы вылятала са сваёй кватэры ў вобразе кугакаўкі, дабіралася да найбліжэйшай трасы, дзе ператваралася ў жанчыну. І абавязкова знаходзіўся разява, якія спыняў машыну, калі бачыў абсалютна аголеную дзяўчыну.
Калі-нікалі яна яшчэ да прыцемкаў лавіла спадарожныя і ехала далей ад Мінска, а пасля заходу сонца распачынала паляванне. Потым зноў лавіла спадарожныя і дабіралася дадому: насланнё працавала круглыя суткі, таму дамовіцца на падвоз было нескладана. Скрадзеныя грошы сталіся прыемным бонусам за начныя «камандзіроўкі». Але пасля такіх экспедыцыяў абвастраўся болевы сіндром, і Мілана вымушаная была піць моцныя лекі, каб шыю «адпусціла».