На парозе раю. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу На парозе раю - Зінаіда Дудзюк страница 18
Каля крамы сабраўся натоўп цікаўных людзей, якія прагнулі першымі ўвайсці ў памяшканне. Папярэдне рэклама паведаміла, што наведвальнікаў чакаюць нейкія прыемныя сюрпрызы. Сярод некалькіх міліцыянераў, якіх прыслалі сачыць за парадкам, Юля ўбачыла Барыса. Нянавісць і агіда варухнуліся ў яе сэрцы. Не хацелася сустрэцца з ім твар у твар. Яна спынілася каля кіёска і, зводдаль назіраючы за крамаю, пачала чакаць пачатку цырымоніі адкрыцця. Калі на прыступкі выйшлі прадстаўнікі гарадской улады і гандлю, Юля, стараючыся не трапіць на вочы Барысу, улілася ў натоўп, уключыла дыктафон. Разам з людзьмі увайшла ў памяшканне, паназірала, як першаму наведвальніку ўручылі кававарку, прайшлася па гандлёвай зале, з задавальненнем агледзела бытавую тэхніку з выдатным дызайнам. Рэчы прываблівалі зрок, радавалі, здзіўлялі. Нечакана перад ёю ўзнікла постаць Барыса.
– Добры дзень, каханая, – сказаў ён ціха.
Яна нічога не адказала, рэзка павярнулася і пайшла да выхаду. Ён паспрабаваў затрымаць, яна вырвалася з ягоных абдымкаў і кінула пагрозліва:
– Адчапіся, бо ўчыню сварку!
– Паслухай, ты ж мая жонка!
– Ненавіджу цябе! А развод будзе! Не турбуйся. У мяне проста яшчэ рукі не дайшлі, – сказала яна і пабегла да дзвярэй.
Сэрца яе калацілася, усё ў сярэдзіне напялася і дрыжала, быццам гатовае абарвацца. Бадай, гэта не былі ўжо ні нянавісць, ні каханне, а парушаная раўнавага, здабытая ў выніку перажытага невыноснага душэўнага болю і самоты. Хацелася хутчэй даехаць дамоў, застацца адной. Яна спыніла маршрутнае таксі і праз дзесяць хвілін была ўжо дома. Узяла чайнічак, падораны Клаўдзіяй Міхайлаўнай, усыпала жменю заваркі, заліла кіпнем, пачакала пакуль настоіцца, наліла сабе гарбаты, панюхала, пакаштавала і падумала, што ў гаспадыні заварніка напой атрымліваўся больш духмяны.
Праз некалькі тыдняў Юлі патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што яна атрымала дазвол на тое, каб вывучыць справу Мартынюк Клаўдзіі Міхайлаўны, але папярэдне трэба дамовіцца з супрацоўніцай архіва Антанінай Георгіеўнай Кашырынай пра канкрэтны дзень і час. Гэтая вестка вельмі ўзрадавала журналістку. Яна неадкладна пазваніла супрацоўніцы і ў той жа дзень па абедзе накіравалася ў архіў.
Малады чалавек, які сядзеў на вахце, сам выклікаў па тэлефоне служачую архіва і сказаў Юлі трохі пачакаць. Яна села ў адно з крэслаў, што стаялі каля сцяны, і пачала назіраць, як снуюць туды-сюды па калідоры маладыя мужчыны, падымаюцца і спускаюцца па лесвіцы, адны вітаюцца з вахцёрам за руку як з даўнім знаёмым, іншыя, мінаючы яго, паказваюць пасведчанні. Журналістцы ўсе яны ўяўляліся сакрэтнымі агентамі, якія незаўважна ходзяць па вуліцах, прыслухоўваюцца да гаворак людзей, а потым робяць нейкія высновы пра стан грамадства. Зрэшты, падумала яна, і журналісты займаюцца тым самым: сустракаюцца з людзьмі, робяць свае высновы і пішуць у газету, кожны працуе ў меру сваіх здольнасцей.