Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 4
Гэта быў знак. Недвухсэнсоўны. Апошняе папярэджанне. Надзя ніколі не мацюкалася. Ніколі. Ні калі была ў ярасці, ні калі праз няўважлівасць білася каленам аб край драўлянага крэсла, ні жартам, ні нават расказваючы непрыстойныя анекдоты. Нават выпадкова не мацюкалася. Таму цяпер гэта выглядала неверагодна. І гаворка тут зусім не пра словы на «п…», «я…» і «х…» з навамоднай вулічнай фені, бо назваць гэта слэнгам, а пагатоў мовай, цяжка. Не пра гэтую лаянку п’яніц, ды і многіх студэнтаў, тут вядзецца. Бо ёсць жа лаянка «сітуацыйна апраўданая і нават неабходная, амбівалентная, часам анірычная, а часам – і дакладная, і не замяняльная нічым годная лаянка», як казаў яго сябар – зрэшты, адзіны – Вітальд, на дадзены момант студэнт трэцяга курса паланістыкі («дзесьці ж трэба пераседзець жыццёвы крызіс»), бо ўжо трэці раз не паступіў на медыцыну, якая была яго жарсцю, у той час як «біялогія і хімія – ужо, на жаль, не». Марыка (дзяўчына, з якой Вітальд бавіў больш за ўсё часу, хаця публічна – і ў яе прысутнасці таксама, – цвярозы ці п’яны, кляўся, што не знаходзіцца з ёй «ні ў якіх адносінах, апроч сэксуальных і эканамічных») сцвярджала, што «Віткацы1 прэцца на тую медыцыну, бо хоча самадыягнаставацца як носьбіт сіндрому Аспергера і потым выпісваць сабе нейкія там рэцэпты». І ўсё ж Якуб ніколі не сустракаў пары, шчаслівейшай за Марыку і Вітальда.
Надзя не лаялася нават у такіх сітуацыях. Прынамсі не па-польску. Калі ж яна пачынала лаяцца па-нямецку – вельмі рэдка і толькі па-нямецку, – гэта значыла, што вытрымка пачынае ёй здраджваць, што нешта ў ёй рвецца, што яна наблізілася да нейкай мяжы ці перашкоды. Не чакаючы адказу, Надзя павярнулася да Якуба спінай і дадала:
– Чаму так? Чаму ты не пускаеш мяне ў сваё мінулае? Раскажаш ты мне ці не?
– Бо… бо ты ў мяне пра яго не пытала, – спакойна адказаў ён.
– Ах так? А можа, я думала, што нельга! З павагі да цябе і твайго права на прыватнасць. Не выпытваць. Чакаць, пакуль сам раскажаш. Цярпліва чакаць. Ты пра гэта не думаў? А раптам гэтая мая нецікаўнасць сведчыла пра нешта трывожнае? Можа, табе варта было б занепакоіцца? Раптам тое, што яна не цікавіцца маім мінулым, значыць, што яна не плануе са мной будучыні? Вось што трэба было падумаць. Бо я часта так і думала. Такой была мая логіка.
– Надзя, перастань! Прашу цябе! – абурыўся ён, павысіўшы голас. – Твая логіка не зусім лагічная. Ты цудоўна ведаеш, што я кажу табе ўсё, нават калі ты не пытаеш. Проста я думаў, што маё мінулае не настолькі цікавае і ўвогуле ні пры чым. Тое, як мы разам пражываем сённяшні дзень, гаворыць пра мае планы на будучыню нашмат больш. У тым ліку пра звязаныя з табой. Асабліва пра іх. Мая логіка іншая. І я маю на яе права, – цвёрда дадаў ён, прыпадымаючыся на локцях. – Што на цябе найшло? Ты хочаш сапсаваць нам нядзелю праз нейкую дзяўбаную кніжку? Нешта мне ўлом запаўняць анкету Пруста. Не сёння, фердамт нох маль! – тэатральна выкрыкнуў ён, перадражніваючы яе нямецкую.
Якуб
1
Каб цябе чэрці ўзялі