Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 8

Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский

Скачать книгу

Якуб любіў, калі кашуля была белая і дастаткова празрыстая, каб можна было разгледзець станік. Фігуру Надзя таксама не старалася падкрэсліваць, яму нават здавалася, што яна з нейкіх прычын яе хавае. І нягледзячы на гэта, было ў ёй нешта шалёна прывабнае – эфемернае, яно цяжка паддавалася апісанню, але моцна прыцягвала ўвагу, вельмі жаночае, але і дзявочае таксама. Яна была ў чымсьці Лалітаю ў касцюме сцюардэсы, які змушаў трымаць дыстанцыю. Вялізныя бліскучыя вочы, што лёгка наліваліся слязьмі, кучма залацістых валасоў, высокія скулы, маленькі, крышачку кірпаты нос, шырокія, нібы трохі прыпухлыя, сакавітыя вусны. Часам ён заўважаў рэакцыю мужчын на яе – і сваіх аднагодкаў, і аднагодкаў бацькі. Надзя не звяртала на гэта ніякай увагі. Яна была толькі з ім – усёй сабою.

      Потым з’явілася пажада. А ўжо за ёю – туга. Вярнуўшыся дадому з сустрэчы, ён падаў на ложак і тужліва пачынаў чакаць наступнай. Думаў пра Надзю. Неадчэпна. І пры гэтым адчуваў нешта кшталту меланхоліі і замілавання. Часта яго агортваў смутак. Без яе ён пачуваўся адзінокім – ён, якому на адзіноту ніколі не хапала часу. Засяродзіцца на чымсьці іншым не ўдавалася – вучыцца не атрымлівалася, праграмаваць не хацелася. Нават музыка раздражняла. Ён ляжаў на ложку і сумаваў, чакаючы нейкага знака. Званка, эсэмэскі або хоць бы лайка ў фэйсбуку. Хоць чагосьці. Але нічога не было, а дэбільны мужчынскі гонар не дазваляў яму напісаць ці пазваніць самому.

      Надзя ні на чым не настойвала. Не падавала выгляду, што чакае якіх-небудзь знакаў увагі. Ніколі не гаварыла пра будучыню, у якой бы фігураваў Якуб, – нават пра найбліжэйшую, што ахоплівала наступны тыдзень. Відавочна радавалася кожнай сустрэчы, але не пытала, калі будзе наступная і ці будзе ўвогуле. І Якуб не пытаў. Ён і цяпер не разумее чаму. Яны развітваліся і вярталіся да сваіх спраў, не ведаючы, ці сустрэнуцца зноў, бо дамаўляліся максімум на «можа быць». Чаціліся на фэйсбуку, часам абменьваліся эсэмэскамі, часам – кароткімі мэйламі, часам – паведамленнямі ў ватсапе. Але заўсёды для гэтага патрабавалася нагода. Нейкая падзея. Прэм’ера фільма, новы спектакль, «незаслуханы» канцэрт у філармоніі, «доўгачаканая» сустрэча з пісьменнікам у бібліятэцы, нейкая асаблівая лекцыя ва ўніверсітэце альбо – што апошнім часам усё часцей здаралася – у кавярні або рэстарацыі. У такіх выпадках Надзя асцярожна і вельмі далікатна пытала: «Ты можаш?», «Ці выкраіш час?», «А не хочаш?..», «Табе гэта цікава?» А потым ужо кожны раз пісала ў пастскрыптуме: «Я б хацела быць там з табой. Вельмі».

      І гэты пастскрыптум быў для яго найважнейшы. І найцудоўнейшы. Менавіта праз яго наяўнасць Якуб кожны раз хацеў, мог і выкройваў час, нават калі быў вымушаны адмяняць іншыя важныя справы, выкручваючыся, а раз-пораз і манячы. Яму заўсёды было цікава «гэта», нават калі ён не ўяўляў, каго ўбачыць у бібліятэцы, што там за лекцыя або канцэрт у філармоніі. Таму што Якуб таксама хацеў быць. З ёю. Перадусім з ёю. Дзе заўгодна. Ён таксама хацеў гэтага «вельмі». Усе тыя падзеі былі іх спатканнямі. Надзя ніколі не пытала, ці пойдзе Якуб з ёю

Скачать книгу