Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский страница 9

Канец адзіноты - Януш Леон Вишневский

Скачать книгу

ён не чакаў Калядаў з такім хваляваннем. Нават калі быў маленькі і перад сном лічыў, колькі разоў яшчэ трэба легчы спаць, каб прыйшоў час падарункаў, ён ні разу так нецярпліва не прагнуў Святога вечара. Ён перакапаў увесь інтэрнэт і ўрэшце знайшоў у Польшчы краму, дзе прадавалі найлепшыя акрылавыя фарбы для малявання на шкле – самага вялікага Надзінага захаплення. «Ніякіх падробак, толькі імпартныя з аднаго заводзіка ў Партугаліі, даюць патрэбную густату малюнка», – часцяком тлумачыла яна. Ён не ўяўляў, што такое «густата малюнка», але пра Партугалію запомніў, бо ведаў, што такі падарунак Надзю неймаверна парадуе. Каб быць упэўненым, што фарбы дойдуць своечасова (ён не верыў абяцанкам ні UPS, ні DHL, што ўжо гаварыць пра «Польскую пошту»), Якуб гадзін пятнаццаць валокся цягніком з трыма перасадкамі на «Далёкі Усход» – так гэта назваў Вітальд, які не змог зразумець, як «дзеля нейкай там дзяўчыны можна гэтак надоўга звязацца з польскай чыгункай». Якуб нават не паспрабаваў яму растлумачыць, што Надзя для яго – не «нейкая там дзяўчына», бо ведаў, што не варта. Звычайна Віт уключаў спачатку іронію, потым сарказм і, толькі ўбачыўшы, што зачапіў нешта важнае, пераходзіў да здзіўлення і захаплення. Таму з Вітам трэба было пачакаць. Як гаварыла Марыка, «у Віткацы афектыўная біпалярка, ад сарказму да плаксівага замілавання ён часцей за ўсё даходзіць за пятнаццаць хвілін». Так было і тым разам. Менавіта Віт падвёз Якуба на вакзал, адкуль ён выправіўся на іншы канец Польшчы, у гарадок побач з Хелмам, каб асабіста атрымаць фарбы для Надзі. І гэта Віт чакаў уначы на пероне, калі Якуб з вялікай кардоннай скрынкай вярнуўся з «Далёкага Усходу».

      Урэшце надышлі Каляды. Дажджлівыя, ветраныя, цёплыя, нібы напрадвесні, з зацягнутым цёмна-шэрымі хмарамі небам – на такім небе дзецям можна было нават не спадзявацца заўважыць хоць нейкую зорку, пагатоў першую. Каляды без адзінай сняжынкі. Зусім не зімовыя. Але для Якуба гэта ўсё не мела ніякага значэння. На вялікае здзіўленне маці, ён з самай раніцы дапамагаў на кухні абсалютна без прымусу, потым яны з бацькам ставілі і аздаблялі ялінку. І ўсё ў нечуванай згодзе і гармоніі. Без сварак, без перапалак, маўляў, гірлянды, як заўсёды, не працуюць. Без выпяндрожу, а спакойна размаўляючы, уважліва слухаючы адзін аднаго, разняволена жартуючы. Якуб памятае падазрэнне на матчыным твары, калі яна, пачуўшы гучныя галасы, час ад часу ўрывалася ў пакой з пагрозлівым выглядам, гатовая разнімаць іх. Памятае яе выразныя ўздыхі палёгкі, калі аказвалася, што тыя крыкі – зусім не сварка, а выключна весялосць, і што ялінка «ўпрыгожваецца». Памятае, што, калі яны скончылі, бацька знік у спальні, а ён сеў за яшчэ пусты стол. З кухні даносілася мелодыя нейкай калядкі, што перамяжоўвалася маміным спевам і гукамі яе мітусні. Дом пах ігліцай і посным баршчом.

      Якуб глядзеў на агеньчыкі гірлянды, што адбіваліся ў акне, і думаў пра бацьку.

      Пасля памятнага жнівеньскага «праекта для Марціна» ягоны бацька зрабіўся зусім іншым бацькам. А ён, у сваю чаргу, стараўся быць іншым сынам. Пасля вяртання Якуба з Мазураў яны размаўлялі

Скачать книгу