Чароўная скарбніца. Людмила Рублевская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Чароўная скарбніца - Людмила Рублевская страница 9
– У цябе не спыталіся! – адрэагавалі дзяўчынкі.
Улада дастала з лядоўні міску з клубніцамі. Яна хацела сумесным пачастункам прымірыць усіх. Смак ягад прыйшоўся вухуцянам даспадобы, асабліва шчыравалі Сінька з Зялёнкай. Буйныя салодкія клубніцы хутка знікалі, гаспадыня з замілаваннем назірала, як частуюцца яе госці.
– Падсілкаваліся – можна і пагуляць! – сказала Улада. – Пойдзем у наш сад, вам там спадабаецца.
– Нас жа могуць убачыць! Гэта небяспечна? – запытаўся Рудаш.
Улада запэўніла:
– У нас прыватны дом, асобны двор і ўласны сад. Акрамя нашай сям’і, тут нікога няма. Усе дарослыя пайшлі на працу, толькі мой дзед штосьці робіць у двары, але ён заняты і не зверне на нас увагі. І, нагадаю, мы дамовіліся, што гуляем у лялькі. Хто першы заўважыць набліжэнне кагосьці, той папярэджвае сігнальным словам «цац».
Следам за Уладай вухуцяне прайшлі праз двор і накіраваліся ў сад. Дзеці пагушкаліся на арэлях-канапе, паскакалі на батуце, а потым Улада запрасіла іх у басейн. Як ім спадабалася! Пырскі ляцелі ва ўсе бакі, дзіцячы смех напоўніў сад, а калі пачалі даваць нырца «бомбачкамі», адчуванне шчасця стала абсалютным. З басейна іх вымусіла выйсці толькі стомленасць. Хлопчыкі і дзяўчынкі вярнуліся ў цень на арэлі-канапу і палеглі.
– Як у вас хораша! – сказала Мінола. – Я так рада, што мы зараз тут! Дзякую за запрашэнне, Улада!
Усе вухуцяне, нават заўжды незадаволеныя і калючыя паненкі, падтрымалі яе словы. Стомленыя дзеці паснулі, але Сінька з Зялёнкай не здаліся ў прыемны палон сну, яны выкарысталі момант самастойна, без аніякага нагляду, даследаваць наваколле. Ціхенька злезлі з арэляў і праз газон пайшлі да зялёнай сцяны, якую ўтваралі шчыльна пасаджаныя туі. Паненкі прабраліся ў сярэдзіну зарасніку і зазірнулі ў суседскі сад. Там яны ўбачылі дваіх зямлян, якія сядзелі на пакрывале.
– Давай з імі пазнаёмімся! – прапанавала Зялёнка.
– Думаеш, гэта бяспечна? – запыталася Сінька.
– Упэўнена! Гэтая Улада проста хоча намі камандаваць і не жадае дзяліць нас з іншымі мясцовымі жыхарамі. Пойдзем да іх, прадставімся, пагаворым.
І вухуцянкі, праціснуўшыся праз туевую сцяну, рушылі наладжваць кантакт з зямлянамі. Яркія каляровыя паненкі прыцягнулі ўвагу. Людзі чакалі, калі яны наблізяцца.
Падышоўшы да самага краю пакрывала, на якім сядзелі мясцовыя незнаёмцы, госці прадставіліся:
– Вітанне! Мы тэлепартаваліся з далёкай планеты Вухуціі!
– Зямлянам нас можна зваць Сінька і Зялёнка!
– А да вас як звяртацца?
Людзі глядзелі на невядомых істот вялікімі зацікаўленымі вачыма. Яны ўсміхаліся, гергеталі нешта незразумелае і працягвалі да вухуцянак рукі. Паненкі прынялі гэта за радаснае вітанне і падышлі бліжэй. Імгненне – і абедзве апынуліся ў чалавечых абдымках. Узрадаваліся такому цёпламу прыёму