Паляўнічыя акварэлькі з Палесся. Лучына Янка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Паляўнічыя акварэлькі з Палесся - Лучына Янка страница 3
Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,
Дзе хвой выносістых завершаны стажок,
Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,
А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,
З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.
Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой,
Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной.
Ціхота… толькі дзятла стук заўзяты, бойкі,
Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка,
Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць,
Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць.
Язда мне здоўжылася, і сказаў тут Грышка:
«Хай папяроскі курыць пан, як часу лішкі.
Сваё як толькі зойме ў лесе месца хтось,
Курыць ні-ні! бо не падыдзе блізка лось.
Нюх добры мае. Я дзе сена жменьку кіну,
Хай там саскокне пан у гэтую ж хвіліну,
Ціхутка стане за алешынай грубой,
Наставіць вушы ды глядзіць перад сабой —
Прыйсці да пана мае лось-рагач з чароту.
Няхай паніч падпусціць, цэліцца трэ потым
У грудзі, ў шыю, пад лапатку – як зручней,
Абы папаў, каб марна не ўпусціць надзей!
Ласі тут блізка. Пан, пабач! – то ж след ласёвы.
Цішэй! не гаманіць, бо звера спудзіць мова».
Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком…
Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком
Спытацца вырашыў: «Ці скора?» – ў гэту хвілю
Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць
І сена кінуў жменьку.
Гоп! – я ў гушчары.
Паехаў Грышка.
Справа – волат-дуб стары,
А злева цягнецца чарот густы, балота.
Парушыў цішыню крумкач паспешным лётам.
Каля алешыны я ўперад паглядзеў,
Непадалёку ад мяне чарот радзеў,
У ім неспадзявана вынікла паляна,
Яна была лясной гушчэчай прыхавана.
Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот,
Вялікі пазначаўся ім абшар балот.
Калі мяцёлкі пташка парушала часам,
Стаяў як укапаны, сэрца біла часта.
Здавалася ад шамацення шмат разоў:
То ж лось надходзіць! – Не! – я памыляўся зноў!
Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша,
Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша,
Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок,
Сініччын толькі чуўся ценькі галасок.
Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну,
Заеў быў нуд. І вось шчаслівая хвіліна —
Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць,
Сабе падумаў: стрэлю! Стане там чакаць
Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!..
Ліс наўцёкі,
Як бы пачуў мяне за вольхаю высокай.
Шчыпаў марозік злёгку і калоў траха,
Зноў думаю: да ліха! рукі грэць жа льга.
Спусціў куркі, засунуў я ў кішэні рукі,
Прысеў на снег, гляджу бяздумна ў даль з дакукі.
Ахвотна папяроску закурыў пасля.
Ці ж можа дым той даляцець аж да лася?
І раптам нешта затрашчэла на паляне,
Як быццам чую я каня: то йдзе, то стане…
Ускокваю! шчоўк! шчоўк! куркі. Лаўлю гук той,