Мястэчка. Мікола Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мястэчка - Мікола Адам страница 17
– Ды добра, не крыўдзіцеся вы, – узяла кніжку Таня, – прачытаю я вашу «Прывітанне, Дашу!».
– Не рабі мне ласку, – папярэдзіў Мікалай Міхайлавіч. – Прачытай уважліва. П'еса кароткая, шмат часу не зойме.
– Праехалі ўжо, Мікалай Міхайлавіч, – пагладзіла яго па руцэ Таня. – Прачытаю абавязкова.
– Прачытай, – кіўнуў Мікалай Міхайлавіч, – да таго ж да твайго дому мы ўжо, здаецца, прыйшлі.
– Так, – пакрывілася сумна на бабулін дом, з якім яны параўняліся, Таня. Мікалай Міхайлавіч жыў далей, амаль у канцы мястэчка. Ці ў пачатку? Як правільна? У старым Капылі, карацей. Яна ўстала на дыбачкі, цмокнула Мікалая Міхайлавіча ў шчаку і пабегла ў двор. Мікалай Міхайлавіч пакрочыў далей.
Юля Перасільд хітравала, што не знаёмая з Пінокіа. Не асабіста, але яна яго ведала. Выпадкова неяк патрапіла на чарговае пасяджэнне паэтычнага клуба на базе гарадской бібліятэкі, якое праводзілася, як пазней высветліла, кожны панядзелак у чытальнай зале. Юля тады прыйшла памяняць старыя глянцавыя часопісы на новыя. Яна аддавала перавагу «Хелло», «Сямі дням», «Космаполітану», увогуле тым выданням, у якіх мусіраваліся плёткі пра зорак. Яе шалёна цікавіла жыццё галівудскіх артыстаў, асабліва Арланда Блума, Брэда Піта і Джэнсана Эклса. Прысутныя сталыя дзядзькі і цёткі (амаль усе сталы ў чыталцы былі заняты), уважліва слухалі нейкага хлопчыка, які дэкламаваў, як на ранішніку, рыфмаваныя радкі, штосьці пра казачны замак, у якім заблукала душа. Юля тады падумала, што за трызненне ў галаве ў хлопца? Але нечакана дарослыя людзі, некаторых Юля ведала як вельмі паважаных у мястэчку і за яго межамі, заапладыравалі гэтаму хлопчыку стоячы. Варта было затрымацца і сёе-тое высветліць. Суседка па лесвічнай пляцоўцы, якая працавала ў бібліятэцы прыбіральніцай, сцісла паведаміла, што хлопчык гэты – Коля Кот, што ён сын загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Ілоны Васільеўны, што за доўгі нос дзятва яму дала мянушку Пінокіа яшчэ ў першым класе, што ён кожны год выйграе нейкія спаборніцтвы па сачыненнях і што кажуць, быццам Колю Ката Божачка пацалаваў. Юля прызадумалася. Яна таксама пісала вершы і лунала ў паднябессі, калі ніхто не бачыў. Рацыянальны пачатак заўсёды машынальна націскаў на тормаз, калі Юліна ўяўленне забывалася і спрабавала выйсці з-пад кантролю. Дзяўчына баялася насмешак з боку сябровак, якія, Юля не сумнявалася, не зразумеюць яе захаплення паэзіяй і перастануць сябраваць. Прага творчасці прывяла яе да танцаў, але паэзія не жадала сыходзіць і здавацца проста так. Вершы працягвалі пісацца, аднак Юля нікому іх не паказвала. Так, яна ведала пра клуб мясцовых паэтаў, але, ізноў жа, не хацела праславіцца белай варонай сярод аднагодак, калі тыя даведаюцца пра наведванне ёю гэтага клуба. Патрапіўшы ў замкнёнае кола, створанае самой жа, Юля шукала выйсця і, як ёй падалося, знайшла яго ў асобе Пінокіа, толькі не ведала, як да хлопца падступіцца, не выпадала зручнага моманту. Да таго ж вучыўся ён у іншай школе.