Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Зміцер Дзядзенка

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя - Зміцер Дзядзенка страница 3

Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя - Зміцер Дзядзенка

Скачать книгу

а ад таго, што спружына гэтая выпрасталася ў ім толькі ў п'яным выглядзе.

      А яшчэ праз якія пару месяцаў пачалася вайна з германцам. Мачугу мабілізавалі не адразу, але ж прыйшла і яго чарга ваяваць за веру, цара і Айчыну. Праводзіць мужа на фронт Валянціна прыйшла, старанна хутаючы твар у хустку па самыя вочы…

      Канстанцін думаў, што тая спружына ў ім не будзе нацягвацца, калі ён будзе далёка ад жонкі. Аднак гэтая надзея не спраўдзілася: напружанне ўнутры яго пастаянна нарастала. Лягчэй станавілася хіба што пасля рукапашнага бою, калі ўласнаруч насаджваеш германца на штык, б'еш яго з размаху прыкладам вінтоўкі або азвярэла душыш.

      Бог вайны ці хто іншы, адказны за лёс чалавека на вайне, Мачугу аберагаў: атрымаў ён падчас усіх баёў толькі дзве невялікія раны – куля трапіла ў левую руку, ды яшчэ адна падрапала яму шчаку.

      А смеласць і адвага байца былі заўважаныя камандзірамі. Паколькі малодшыя афіцэры гінулі на фронце не менш за шараговых салдатаў, то іх заўсёды неставала. Так Канстанцін Мачуга атрымаў накіраванне на курсы прапаршчыкаў.

      Чатыры месяцы на курсах прамінулі хутка – нават не паспеў адвыкнуць ад свісту куляў. Перад адпраўкай на фронт атрымаў Мачуга кароткі адпачынак, каб змог пабачыцца з сям'ёй.

      Валянціна войкнула ад нечаканасці, калі муж прыйшоў дадому. Ягоныя пацалункі былі прагнымі, патрабавальнымі, яна пакорліва прымала мужавы ласкі, але Канстанцін адчуў, што ў жонцы штосьці змянілася за час яго адсутнасці. У той жа вечар ён напіўся, стаў крычаць на жонку, раз'юшваючы сябе. Ён называў Валянціну паблядушкай, пытаўся, якога хахаля яна сабе завяла і ці адзін ён, той хахаль…

      Жонка моўчкі глядзела яму проста ў вочы, сціснуўшы зубы. Верхняя губіна ў яе пачала бялець ад напружання. Але калі Канстанцін замахнуўся на яе, Валянціна схапіла падрыхтаваную чапялу і з усяе моцы выцяла ёй мужа па запясці. Правая рука Канстанціна заныла, занямела, і ён перастаў яе адчуваць.

      – Калі яшчэ раз мяне хоць пальцам зачэпіш, я цябе заб'ю, – ціха сказала жанчына. – Ачомаюся – і зарэжу ўначы…

      Яна працягвала глядзець мужу ў вочы з халоднай рашучасцю.

      Канстанцін, як выявілася, быў не настолькі п'яны, каб недаацаніць жончыну пагрозу. Некалькі хвілінаў яны маўчалі, паглядаючы адно на аднаго. Потым Мачуга сплюнуў на падлогу горкую сліну і выйшаў з дому. Да раніцы яго не было, а потым наваспечаны прапаршчык вярнуўся, маўкліва сабраўся і з'ехаў на фронт, не дагуляўшы два дні з адпушчанага яму адпачынку.

      З насцярогай прыслухоўваўся Канстанцін да сваіх адчуванняў пасля развітання з жонкай. Чакаў, калі ж тая ўнутраная спружына нацягнецца да ўпору. Але заўважыў, што камандзірская пасада прыносіць яму палёгку: паганяе прапаршчык Мачуга сваіх салдатаў, тыкне каторага – і лягчэй яму становіцца ўсярэдзіне, папускае яго. З адной аглядкай, праўда, ганяў ён сваіх падуладных – калі была сапраўдная нагода. Знарочыстых дачэпак прапаршчык не прыдумваў, бо ведаў: на фронце куля можа прыляцець

Скачать книгу