Шоўк (зборнік). Мікола Адам
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам страница 1
– Тс-с! – прыклаў я палец да сваіх губ, каб дзяўчаты маўчалі, але яны і без майго папярэджання не маглі прамовіць і слова. Тая, што сядзела насупраць, увогуле, нібыта дар мовы страціла, толькі жвавыя вочы, бы на шарнірах, цікаўна і з жудасцю сачылі за тым, што адбываецца.
Вочы маёй апаненткі мне не падабаліся. Яны нагадвалі восень, прынамсі, апалае лісце, якога станавілася шкада, а шкадаваць мне нікога не хацелася, і мая рука паднялася вышэй. Дзяўчына сядзела ні жывая ні мёртвая, баючыся паварушыцца, па ўсім відаць, упэўненая, што я маньяк і збіраюся разарваць яе на кавалкі. Я паволі прыняў руку і ўсміхнуўся дзяўчатам, намагаючыся нарадзіць на твары галівудскую ўсмешку, нейкім шостым пачуццём адчуваючы, як дзяўчына, што насупраць, злосна зайздросціць сваёй сяброўцы.
– Навошта?.. – выціскае з сябе ўладальніца восеньскіх вачэй, пазіраючы на мяне.
– Навошта што? – працягваю я ўсміхацца, усё яшчэ спадзеючыся, што падобны на Тома Круза.
– Вы – маньяк? – пытаецца яна.
– Не, горш, – адмоўна хістаю галавой. – Я – беларускі пісьменнік.
Ім абедзвюм больш няма чаго казаць. Яны расчараваліся, што я толькі пажартаваў і не адбылося прыгодаў, пра якія маглі б потым распавесці сваім каляжанкам, маўляў, з жывым маньякам сустрэліся і ўсё такое…
Я падняўся і выйшаў у тамбур пакурыць.
Не паспеў падпаліць сваю «прыміну», як у тамбуры з’яўляецца дзяўчына з позіркам апалага лісця. Хоча нешта сказаць, але штосьці яе стрымлівае. Мажліва, дым, які я выдыхаю паўз ейны твар.
– Што здарылася? – вымаўляю я.
Дзяўчына маўчыць, відаць, баіцца фразы, прыліплай да нёба слінай ды яшчэ падпёртай языком.
– Ты хочаш кахання? – пытаюся я. Дзяўчына згодна хутка-хутка хітае галавой.
– У цябе ёсць хлопец? – дапытваюся.
– Так.
– Вось і звярніся з гэтай прапановай да свайго хлопца, – раю я. – Яму будзе прыемна быць першым.
Нейкая станцыя. Цягнік спыняецца. І я лячу ўніз галавой з тамбура на асфальтаваную сцежку. Удар ніжэй пояса з боку дзяўчыны атаясамліваў сабою своеасаблівую помсту за расчараванне. Я быў упэўнены, што ейны хлопец ніколі не падзеліць з ёю ложак. Хутчэй, яго сябры.
Цягнік крануўся. Праз хвіліну яго ўжо не было чуваць. Я ляжаў на халодным асфальце, і сілы пакідалі мяне разам з крывёй з пабітай галавы і дымам «прыміны», якую я па інерцыі яшчэ смактаў».
2
Калі я прачнуўся, Насці побач не назіралася. Пра яе прысутнасць нагадвалі толькі невялікія ўмяціны на пасцелі ды цяпло, якое яшчэ не паспела тонкім струменьчыкам, нібы дым, эміграваць у столь. Краёк коўдры з таго боку, дзе спала Насця, загнуўся, нагадваючы распячатаны паштовы канверт, адкрываючы чужому позірку далікатна складзеную бялізну і скамечаны абы-як, відаць, проста кінуты на пасцель, каб пасля прыбраць, халацік. Верагодна, што Насця паехала на заняткі, хаця, дзе дзяўчына вучылася, я не меў ніякага ўяўлення, што мяне балюча ўразіла: не спытаў пра самае галоўнае. Аднак – не страшна. Усё з часам можна выправіць. Я праглынуў набеглую сліну і ўтыркнуўся ў Насціна сподняе, удыхаючы самы патаемны ейны пах.
Пакуль не прыйдзе Насця, пакуль яна не вернецца адкуль-небудзь, таму што я не ведаў, дзе яна падзелася, каб хутчэй мінуў час чакання, я думаў напісаць сёе-тое. Паспеў націснуць толькі адну клавішу на камп’ютары, як на мяне абрынулася столь. Разам з крэслам, сталом і камп’ютарам мяне кінула ў чорнае прадонне, якое ўсмоктвала ў сябе кожную рэч па частках, смакуючы, расцягваючы задавальненне ежай, а я ежай