Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Таямніцы полацкай гісторыі - Уладзімір Арлоў страница 8
Вось выправілася ўвечары да чараўніка дзяўчына – прываражыць любага. 3 першых крокаў абступіла яе на лесавой сцяжыне тое, аб чым удзень і не думалася. Што там мільганула наперадзе светлым ценем? Ці не Мара выйшла з дзённых сховаў закоўваць сонных людзей страхам? А на гэтым пні трэба пакласці пачостку лесуну, бо іначай закруціць у лесе, зарагоча знянацку жудасным смехам, ад якога замярзае кроў у жылах. I тут, на кладцы праз рачулку, не спі. Плыве паміж дрэў халодны туманец – значыцца, вадзянік недзе паблізу: расклаў на дне сваё сцюдзёнае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым. Раптам абломіць кладку, ашчаперыць учэпістымі рукамі, зірне смяротным паглядам у вочы і пацягне ў вір?
Лес глухі, ногі патанаюць у моху, ірвецца з грудзей сэрца, а рука мацней сціскае касцяны конік-абярог. Ой, цяжка дапасці да вешчуна! Усе дрэвы, камяні ды сцежкі вакол яго хаціны загавораныя. Не ўнаравіш яму нечым – возьме з твайго следу зямлі, пакладзе ў торбачку ды высушыць, а разам з той зямлёю і ты высахнеш на трэску.
У вешчуновым прыстанку яшчэ страшней, чым у лесе. Гаспадара не відаць, адно на стале п’е з чарапка малако вялізны вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў замшэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешчаў берагі…
3 сярэдзіны 1990-х гадоў гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і незвычайнымі здольнасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых аднавяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў каменю. Але сучасныя чараўнікі – нашчадкі старажытных вешчуноў – не вечныя. I можна толькі пагадзіцца з удзельнікам згаданых этнаграфічных экспедыцый маладым полацкім гісторыкам Уладзімірам Лобачам, які ў адным са сваіх артыкулаў піша, што будзе сапраўдным дзікунствам, калі мы абвесцім усё гэта цемрашальствам і не паспрабуем спасцігнуць сілу чароўнай крывіцкай крыніцы, што доўгі час жывіла наш народ.
Шмат неверагодна цікавага і, між іншым, карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродаю старыя звычаі і прыкметы.
Сабраўся, напрыклад, гаспадар ставіць хату. Дрэва на будоўлю ён пойдзе секчы, як месяц будзе ў ветаху. Толькі тады яно трывалае, ссечанае ж на маладзік хутка збуцвее, а нарыхтаванае на зменах месяцавых квадраў – паесць шашаль. Ні ў якім разе нельга браць дрэва, вывернутае бураю, бо яго паваліў нячысцік, каб разам з ім усяліцца ў новую хату. Трапіць у зруб бервяно з рыпучага дрэва – гаспадары будуць часта хварэць. Найлепей, лічылі продкі, нарыхтоўваць