Мімікрыя. Аляксандар І. Бацкель
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Мімікрыя - Аляксандар І. Бацкель страница 1
Людзі навокал, абвыклыя карыстацца ісьцінамі з кніг, звыклыя жыць паводле ўжо напісанага, ня здольныя былі разглядзець нас, тых, хто сам сабе прыдумляў жыцьцё, хто сам сабе пісаў сваю кнігу, свае ўласныя правілы. Мы былі схаваныя, нябачныя, і такімі засталіся, але мы жывыя, і гэта робіць нас шчасьлівымі, бо жывыя мы па-сапраўднаму, як яшчэ ніхто ў гэтым сьвеце.
Доўгія валасы, залатыя валасы
Доўгія валасы, залатыя валасы, іх лашчыць вецер, лашчыць, хвалямі пускае па сьпіне, кранаецца сваімі вуснамі пасмаў, вецер закаханы ў гэтыя валасы, ён толькі дзеля таго й зьявіўся тут, у лесе, дзеля таго, каб пагуляцца зь імі, разьнесьці іхны пах па прасторы ялінаў… але ветру гэтага мала, ён кранаецца павекаў, танюткіх, гнуткіх, доўгіх павекаў, ён лёгкім фэнам лашчыцца да маленькіх вушак, кранаецца чырвоных вуснаў, датыкаецца да носа, трапляючы ў лёгкія… вецер перабірае вопратку, варушыць вязаны швэдар, спускаецца да спадніцы ў буйныя трускаўкі, лёгка праходзіць між мяккіх чаравікаў і зьнікае ў траве, вецер – нябачная стыхія, вецер лёгкі, узбуджаны, танюткі, далікатны.
Маладая дзяўчына аддавала перавагу натуральным тканінам, ніякіх штучных фабрычных адзеньняў, хлопкавыя блюзкі, толькі прывабныя “цінтабрасаўскія” спадніцы й сукенкі, швэдары й вадалазкі, чаравікі… торбы з натуральных тканін.
Інэса зьнерухомела, яна глядзела скрозь дрэвы і пра штосьці ўтрапёна думала, зморшчынкі між бровамі казалі пра тое, што яна нешта ўспамінае, пакуль двое яе дзяцей корпаюцца між чарніцаў і, паядаючы сьпелыя ягады, гарэзьліва перакідваюцца гумовым мячом.
Інэса не зьяўлялася ў гэтым лесе з старэйшых клясаў, з тых самых часоў, калі, здавалася, яна была ўжо вельмі дарослая і жыцьцё было дасьледаваным. Яе не было ў гэтых мясьцінах з таго часу, калі ў ейным жыцьці акрамя кніг зьявіўся малады хлопец.
Дзеці знайшлі гняздо, дакладней, яго кавалак, напэўна, перапёлкі ці яшчэ якой птушкі. Малодшы, Глебушка, кліча: “Мама, мама! Мы гняздо знайшлі, і тут нават шкарлупка ад яйка!” Старэйшы, Міхаська, тыцкае ў гняздо ўказальным пальчыкам. На дваіх ейным дзецям адзінаццаць год – шэсьць аднаму, пяць другому. Інэса глядзіць на рэшткі гнязда.
– Гэта старое раскіданае гняздо, кіньце яго! – кажа Інэса й прысядае долу да кошыка, каб дастаць дзецям бутэрброды.
Інэса! Інэса! Інэс, ну куды ты?! – крычалі аднаклясьніцы, калі дзяўчына бегла ў бок лесу. Якія гульні?! Не да іх, дамоў трэба пасьпяшацца, там малы брат, малая сястра, маці. Усе вечна галодныя, халодныя, неахайна апранутыя, няшчасныя… Інэса пераадольвала сем кілямэтраў ельніку, зьмяшанага зь бярозамі, соснамі, яна праходзіла напрасткі скрозь лес да сваёй вёскі, бо так было ўдвая хутчэй. Хлопца ў яе не было, а значыцца, і праважатага, дый яна ж не заставалася з аднаклясьнікамі, каб увечары баязьліва прадзірацца праз змрочную расьліннасьць. Інэса цалкам аддавалася сям’і й мары, што калісьці яна будзе вучыцца ў сталіцы на біёляга, альбо, можа, стане дызайнэрам адзеньня, альбо знакамітым фатографам.
Яна вельмі любіла прыгожыя сукенкі, вязаныя швэдары, саколкі і апраналася нетыпова для сваіх аднагодак, быў у ейным адзеньні нейкі адначасова і стыль, і парадак, штосьці эклектычнае, наватарскае, адметнае – сукенка ў кветкі, зьверху вязаны швэдар, белыя шкарпэткі пад басаножкі, шалікі, торбы й торбачкі, розныя сьмешныя “гаджэты” кшталту ангельскіх булавачак і рознакаляровых гузікаў па суседзтве з бабулінай брошкаю – Інэса, як магла, упрыгожвала сваё жыцьцё. Вядома, сярод аднавяскоўцаў і аднаклясьніц, якія вучыліся ў гарадзкім пасёлку, было лёгка вылучацца, выбівацца стылем, але Інэса відавочна дала б фору каму заўгодна і з гарадзкіх.
Інэса, як звычайна, ішла паўзь лес, павязаўшы на плячах вязаны бабулін карычневы швэдар зь вялікімі драўлянымі гузікамі ды ўзорам, сьплеценым залатымі й чырвонымі ніткамі. У руках – стары фотаапарат ФЭД-3, які яна знайшла закінутым у старым сэрванце. Інэса дзівілася колерам лесу, рабіла фотаздымкі й нясьпешна шпацыравала дахаты. Яна любіла гэтыя часіны, калі заставалася паміж – недзе ў сярэдзіне дня, у сярэдзіне існаваньня, пасьля школы й перад домам, калі яшчэ магла свавольнічаць, гультаіць, калі на плечы не пасьпелі абрынуцца побытавыя клопаты, пасьля якіх настане ноч, і толькі тады яна, лежачы ў ложку паміж