Праклён. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Праклён - Валеры Гапееў страница 11
Але ж ён не збіраўся пакуль што жаніцца, а пагатоў з ёй, пагатоў, цяпер, калі гэтулькі часу і моцы забірала пісанне кандыдацкай і аспірантура з універсітэтам. Яму была патрэбная простая, роўная сцяжынка на бліжэйшыя гады.
Але ў Тоні былі свае планы на будучыню. Ён потым зразумеў, што яго скарыстоўвалі як нейкую бязвольную прыладу, як рэч. А тады… Тады Тоня ў адзін дзень сустрэла яго на ганку ў сукенцы, якую раней ніколі не адзявала. Сукенка была не яе памеру, не яе фасону, такія сукенкі не носяць жанчыны без уважнай прычыны. І яму нельга было не заўважыць, як вырас Тонін жывот…
Яна не плакала і не скардзілася на жыццё. Сказала, што аборт рабіць не будзе, але яе маці пракляне і выгане з дому, калі яна народзіць без бацькі. І куды ёй падзецца, калі яна туліцца ў інтэрнацкім пакойчыку, які ёй праўдамі і няпраўдамі выбіў загаднік кафедры? І калі Алесь хоча, каб ягонае жыццё належала яму самому, калі хоча, каб яго навуковая кар’ера ішла, як ім задумана, яна не будзе яму замінаць. Не будзе прасіцца замуж, але ён мусіць з ёй распісацца. Штамп у пашпарце яму нічым не шкодзіць, пазней яны развядуцца. Калі хоча, то і шлюбную дамову можна аформіць. Але яна не будзе нараджаць дзіця без бацькі, яна не хоча яму будучыні безбацькавіча.
Алесь быў расціснуты, як выпаўзак на ходніку. Адна нейкая частка яго сутаргавата білася, праклінаючы той вечар і тую ноч, і ўсе іншыя ночы, і сваё подленькае задавальненне ад іх, сваю бязвольнасць іх пазбыцца, а рэшта ў ім сцялася ў гатоўнасці падпарадкавацца ўладнай моцы гэтай маладой жанчыны, яе нечаканай драпежнасці, абы далей… потым, пасля, ўсё было як і раней: ён адзін і ягоная навука.
Яны падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, трэба было чакаць належны тэрмін. Тоня нервавалася, некуды хадзіла-ездзіла, але здалася: не выйшла “прыспешыць працэс”. Яна болей не прыходзіла да яго на ноч, хоць ён і запрашаў, абяцаючы пад тое, што не будзе настойваць на блізкасці, але Тоня аднеквалася: “А як я сама не вытрымаю? А я баюся…”
Неяк на тры дні яна была знікла, узяўшы раптам адпачынак за свой кошт, не папярэдзіла, не адказвала на тэлефанаванні. Сяброўкі ў інтэрнаце сказалі, быццам бы паехала дадому.
Урэшце яна з’явілася. У заўсёдных джынсах і кашулі. Жывот у яе быў плоскі і роўны, як і некалі. А твар сухі і паніклы. Тоня яму нічога не пажадала казаць, толькі прамовіла, сцяўшы вусны, нібы каму чужому, нібы на нейкім страшным допыце: “Не адна я вінаватая…” Ён зразумеў, што адбылося страшнае. Алесь заўважаў самыя розныя позіркі, спачувальныя і асуджальныя, адчуваў тыя позіркі спінай. Ён разумеў, што і сяброўкі Тоніны, і яго знаёмыя, і выкладнікі на кафедры думаюць, нібыта гэта ён, Алесь, запатрабаваў ад маладой жанчыны такой страшнай ахвяры – зрабіць аборт. Цяпер ужо толькі рэгістрацыя іх шлюбу, жыццё разам давалі яму мажлівасць давесці ўсім і самому сабе яго невінаватасць і прыстойнасць. Адчуванне віны вырывалася вонкі