Апавяданні розных гадоў (зборнік). Адам Глобус
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Апавяданні розных гадоў (зборнік) - Адам Глобус страница 4
Я вырашыў крыху змякчыць Ласёвы абурэнні:
– Алесь, гэта я прыдумаў выпіць бутэльку «Ізабэлы» ў тваёй кватэры. Даруй. Мне падумалася, што віно цябе з Аленай парадуе.
– Я таксама думаў, што яе парадуе салодкая дыня. Я пайшоў на кірмаш і купіў залатую дыню. Нёс праз шэры горад залатую дыню і ўяўляў, як адрэжу вялікі, падобны да маладога месяца кавалак мядовай дыні. Як Шыдлоўская яго надкусіць, і яе чорна-сінія вочы ажно заплюшчацца ад слодычы. Як жа ж. . . Заплюшчыліся! Я вярнуўся ў кватэру, а на маім ложку Сцёпа любовіць Шыдлоўскую. Навакольны свет страціў усе колеры, ён для мяне сшарэў. Голы Сцёпа матрошыць голую Шыдлоўскую, з якой я тры дні праляжаў у ложку. Я праляжаў, думаючы пра каханне, а трэба было яе трахнуць. Можа, і не трэба? Як думаеш?
– Не ведаю. . . Я б, напэўна, не змог тры дні з ёй праляжаць. Я б яе адкаруселіў толькі таму, што падвярнулася такая магчымасць – пакаруселіць. А можа, і не каруселіў бы. Ведаеш, Лось, мне Шыдлоўская падабаецца, моцна падабаецца яе знешнасць. Як натуршчыца яна – золата! А чалавек? Ну які яна чалавек? Ты не ведаеш, чым яна наогул займаецца апошнія два гады? Вучыцца яна дакладна не вучыцца.
– Яна піша вершы. . .
– Вершы? Яна чытала табе свае вершы?
– Не чытала. Яна давала мне свой дзявочы альбомчык, і я сам чытаў яе вершы з таго ружова-шэрага альбомчыка.
– І як?
– Па-руску. Сентыментальна. Месцамі пошла. Мне зусім не спадабалася. Я не сказаў пра паганасць яе вершаў. Ілгаў, што вершы мяне ўразілі, што раней я такога не чытаў, што яна – талент.
– Цяпер ты, напэўна, прагоніш са сваёй кватэры Сцёпу і Шыдлоўскую?
– Ужо прагнаў, а дыню выкінуў у смеццеправод. Цяпер шкадую, што выкінуў дыню. Дыня была дарагая і смачная, а я яе спусціў праз смеццеправод. Хіба я не дурань?
Тыдні два, а можа і тры, Лось, Сцёпа і Шыдлоўская не размаўлялі між сабою і адно з адным. Замірыліся ўсе, калі на жоўтае лісце выпаў першы снег. Мы выбеглі з майстэрні пагуляць у снежкі. Мы шпурлялі адно ў аднаго белымі камякамі. Мы радаваліся снегу. Радасць усіх нас прымірыла. Зрэшты, я ні з кім і не сварыўся. Я на колькі мог усім спачуваў.
Спачуваў Ласю, які тры дні праляжаў у ложку з жанчынай і не змог развітацца з цнотай. Спачуваў Сцёпе, якога Лось прагнаў з кватэры ў інтэрнат. Спачуваў Алене Шыдлоўскай, якая хацела пісаць добрыя вершы, а ў яе атрымліваліся толькі кепскія і шэрыя. Нават Карасіку-Тарасіку, якога Сцёпа выпер з інтэрнату, я спачуваў. Праўда, свае спачуванні я трымаў пры сабе. Людзі не любяць, калі ім спачуваюць. Людзі любяць гуляць і забаўляцца з першым снегам.
Шыдлоўская